25 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Удзел беларускіх артыстаў у конкурсе "Еўрабачанне" варта працягваць. Такі пункт гледжання, каментуючы выступленне гурта Litesound у паўфінале конкурсу, выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.
На яго думку, конкурс "Еўрабачанне" - адзін з самых суб'ектыўных. Тут ацэнка выступлення не заўсёды залежыць ад якасці выканання, вакальных даных. "Гэта адзін з самых непрадказальных конкурсаў", - перакананы Уладзімір Карачэўскі. Ацэньваючы выступленне Litesound, суразмоўнік, сам прафесійны музыкант, адзначыў: "Яны зрабілі ўсё, што маглі, яны не разгубіліся, нумар прайшоў чыста, без збояў. Тое, што магчыма, яны зрабілі".
Пытанне магчымай змены фармату адборачнага конкурсу на "Еўрабачанне" патрабуе абмеркавання, але ўдзел у гэтым конкурсе павінен працягвацца, перакананы Уладзімір Карачэўскі. "У любым выпадку здавацца не будзем. Трэба спрабаваць. Няхай сябе спрабуюць маладыя артысты. Дастаткова ўспомніць досвед Расіі, якую на працягу многіх гадоў не ўспрымаў конкурс "Еўрабачанне". Аднак знайшлі фішку, і поспех прыйшоў. Нам таксама трэба вучыцца, трэба прабівацца на новыя пляцоўкі, заяўляць пра сябе як пра краіну, дзе шмат таленавітых людзей, якія годныя павагі", - лічыць Уладзімір Карачэўскі.
Гурт Litesound не выйшаў у фінал міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2012", які праходзіць у Баку (Азербайджан). -0-
БЕЛТА
Удзел беларускіх артыстаў у конкурсе "Еўрабачанне" варта працягваць - У.Карачэўскі
25.5.20120 праглядаў