Удзел у шаснаццатай чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў прыняў запрошаны госць – Юрый Дзеркач, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Юрый Мікалаевіч даў сваю ацэнку рабоце Лепельскага раёна па выніках мінулага года.
-- Лепельшчына, як шчыры гаспадар, мае ва ўсіх сферах станоўчыя вынікі, а таксама магутны патэнцыял, які адназначна дазволіць прырасці па многіх эканамічных паказчыках. Вынікі работы Лепельскага раёна – менавіта тое, што вы зрабілі самі, без усякай падтрымкі і дапамогі. Гэта сведчыць аб тым, што тут жывуць добрасумленныя, працавітыя і надзейныя людзі, -- падкрэсліў Юрый Мікалаевіч.
Таксама запрошаны дэпутат выканаў даручэнне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай – перадаў словы падзякі і прызнальнасці за працу прадстаўнікам усяго дэпутацкага корпуса Лепельшчыны.
Нагадаем, Юрый Дзеркач з'яўляецца не толькі членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, але таксама і доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, старшынёй Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў. Відавочна, сенатар, не па чутках ведае, якое гэта – працаваць з людзьмі, ставіць вырашэнне чужых праблем у першую чаргу.
-- Упэўнены, што маленькіх праблем не бывае. Любая, нават, на першы погляд, незначная праблема можа быць важнай для канкрэтнага чалавека, бо яна, як правіла, звязана з якасцю яго жыцця. Таму, я думаю, праблемы бываюць лёгкавырашальныя, якія здымаюцца з парадку дня за лічаныя дні адміністрацыйным шляхам або пасля размовы з кіраўніком канкрэтнай структуры, а таксама складанавырашальныя, якія патрабуюць унясення змяненняў у заканадаўства або значных фінансавых укладанняў. Але і яны небязнадзейныя. Галоўнае правіла, якому павінен прытрымлівацца дэпутат, -- рабі людзям дабро. Прычым дабро на карысць.
Тэкст і фота: Яна МІСНІК