Удзельнікам праекта "Бібліяноч" у Полацку прапануюць успомніць лепшае з часоў Савецкага Саюза дзякуючы мерапрыемству "СССР: погляд з будучыні", якое пройдзе ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.Скарыны 30 мая, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ганна Пацалуйкіна-Урублеўская.

Гасцей бібліятэка будзе чакаць з 18.00 да 22.00. Ужо ля ўваходу наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у флэшмобе "Гульні нашага двара": пагуляць у класікі, даміно і іншыя гульні таго часу. Затым іх чакаюць шматгранная інтэрактыўная праграма "Савецкі лікбез" і ўтульны свецкі салон "Скрозь прызму часу" з віктарынамі, конкурсамі, музычнымі размінкамі, урокам дамаводства, знаёмствам з музеем.

Традыцыйнай стала праца дзіцячай гульнявой зоны. У гэты раз у піянерскім пакоі "Цімур і яго каманда" дзецям прапануюць паспрабаваць сябе ў відэавіктарыне, папрацаваць з інтэрактыўнымі арт-плакатамі і іншымі экспанатамі. Будзе працаваць буфет "Сняжынка" і стылізаваныя фотазоны. Завяршальным акордам бібліяночы стане музычная праграма "Рэтрашлягер".

"Праект "Бібліяноч" карыстаецца нязменным поспехам у жыхароў і гасцей горада. Удзел у цяперашняй праграме дазволіць зноў акунуцца ў атмасферу савецкіх часоў", - дадала Ганна Пацалуйкіна-Урублеўская.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)