13 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Удзельнікі акцыі "Георгіеўская стужка - Дарогамі памяці" прыбудуць сёння ў Віцебск, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама.
У горад на Дзвіне ўдзельнікі акцыі прывязуць з сабой сімвал яднання пакаленняў і народаў, якія перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, - Георгіеўскую стужку памерам 2 м на 30 м. Яны наведаюць мясцовыя помнікі Вялікай Айчыннай вайны, у музеі Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова сустрэнуцца з ветэранамі, каб сабраць іх памятныя запісы. Затым шлях удзельнікаў ляжыць у Оршу.
Патрыятычную акцыю "Георгіеўская стужка - Дарогамі памяці" ў гонар 67-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праводзіць маладзёжнае сацыяльна-культурнае грамадскае аб'яднанне "Русь маладая". Да 20 мая актывісты аб'яднання плануюць наведаць месцы баявой славы і найбуйнейшых бітваў, якія аказалі ўплыў на ход вайны. Маршрут Вялікай Георгіеўскай стужкі ляжыць праз Мінск, Маладзечна, Вілейку, Полацк, Віцебск, Оршу, Барысаў, Слуцк, Бабруйск, Баранавічы, Брэст, гарады Расіі і Украіны. 22 чэрвеня стужка будзе ўрачыста перададзена ў музей Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі ў Маскве.
Сімвалічна, што ўдзельнікаў акцыі Віцебск, які страціў у гады вайны кожнага трэцяга свайго жыхара, сустрэне ў Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. З нагоды дзяржаўнага свята каля помніка "Ордэн Перамогі" ў горадзе пройдзе ўрачыстае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў органаў улады, ветэранаў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, навучальных устаноў і роты ганаровай варты.-0-
БЕЛТА
Удзельнікі акцыі "Георгіеўская стужка - Дарогамі памяці" прыбудуць сёння ў Віцебск
13.5.20120 праглядаў