25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, а таксама для гасцей чэмпіянату з 25 красавіка па 31 мая ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду на тэрыторыю Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Кожны турыст з 25 красавіка пры ўездзе ў краіну мае права прадаставіць работнікам органаў памежнай службы толькі свой дзеючы пашпарт і білет на любы матч чэмпіянату свету па хакеі-2014 альбо электронную версію білета. Пры гэтым кожны турыст зможа ўехаць на гэтых умовах у любы з адведзеных дзён. Гэта значыць, калі госць будзе мець білет толькі на фінал чэмпіянату, ён усё роўна зможа ўехаць у Беларусь без візы і знаходзіцца ў краіне да цікавага яму матча. Пры гэтым адзін білет дае толькі аднаразовае права бязвізавага ўезду ў Беларусь. Гэта правіла датычыцца і малалетніх дзяцей. Нават калі дзіця зусім маленькае, для бязвізавага ўезду ў краіну яму неабходны свой уласны білет, інакш бацькам трэба патурбавацца пра пытанне атрымання візы.
Для афіцыйных асоб, удзельнікаў чэмпіянату падставай для бязвізавага ўезду ў Беларусь з'яўляецца ўключэнне іх у спісы акрэдытацыйнай сістэмы Міжнароднай федэрацыі хакея. Гэтая арганізацыя займаецца акрэдытацыяй па розных напрамках, у тым ліку журналістаў як друкаваных СМІ, так і тэлебачання, афіцыйных асоб, ВІП-гасцей і г.д. Такім чынам, усе, у каго будзе адпаведны акрэдытацыйны бейдж, маюць права ўезду ў Беларусь ва ўказаны перыяд без візы. Ім дастаткова прад'явіць работнікам органаў памежнай службы свой дзеючы пашпарт і акрэдытацыйнае пасведчанне. Раней паведамлялася, што ўжо вызначаны спіс акрэдытаваных на чэмпіянат СМІ. Усяго на ЧС-2014 у Мінску будуць працаваць больш за 260 журналістаў і 130 фотакарэспандэнтаў. Такім чынам, агульная квота ў 400 акрэдытаваных прадстаўнікоў СМІ будзе цалкам запоўнена.