Удзельнікі міжнароднага «Маршу Міру», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прыбылі ў Віцебск. У складзе дэлегацыі каля 40 чалавек, 15 з іх – кіраўнікі школ і іх намеснікі.
Стартаваўшы 15 ліпеня ад Курскага мемарыяла памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі маршу да 21 ліпеня наведаюць Мінск, Гродна, Брэст, Моталь, Нясвіж, Магілёў і Гомель. У месцах прыпынкаў пройдуць міратворчыя мітынгі, ускладанне вянкоў і кветак да мемарыялаў, а таксама прэзентацыі праекта «Курскі характар».
У абласных цэнтрах плануецца заключыць шэсць пагадненняў аб супрацоўніцтве адукацыйных устаноў Расіі і Беларусі. Дагаворы паміж Курскай СШ № 43 ім. Г. Жукава і Полацкай СШ № 16, а таксама Курскай СШ № 61 ім. П. Міхіна і Наваполацкай СШ № 2 ім. Е. Трапезнікавай былі падпісаны ў Віцебскай абласной бібліятэцы ім. У. Леніна.
– Вялікая Айчынная вайна ледзь не знішчыла Віцебск. са 180 тысяч яго жыхароў у 1944-м вызваленцаў сустракалі ўсяго 118 чалавек, – адзначыў намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. – Казалі, што горад немагчыма аднавіць, аднак жыхары справіліся. І вось сёння квітнеючы 1050-гадовы Віцебск з гонарам сустракае ўдзельнікаў «Маршу Міру».
Старшыня Курскага камітэта адукацыі Лідзія Асадчых ад імя рускіх гасцей выказала віцяблянам падзяку за цёплы прыём. Рускія педагогі з цікавасцю знаёмяцца з дружалюбнай краінай, якая шануе памяць пра гады Вялікай Айчыннай вайны і не па чутках ведае, якой цаной дасталася Перамога.
– Усё менш застаецца сведкаў страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны. І ўсё больш з'яўляецца жадаючых перапісаць нашу гісторыю, апаганіць светлую памяць пра тых, хто змагаўся за Перамогу цаной уласнага жыцця, – нагадала Лідзія Асадчых. – Мы павінны зрабіць усё для захавання гістарычнай праўды пра падзеі тых страшных гадоў.
Прадстаўнікі гарадской улады і Фонду міру падарылі гасцям з Курска памятны альбом, які адлюстроўвае гісторыю і сучаснасць Віцебска, і іншыя прыемныя сувеніры. Старшыня праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Тумановіч падкрэсліла, што народная дыпламатыя, у тым ліку дзіцячая, і сумесна запланаваныя адукацыйныя праекты – гэта пераход ад тэорыі патрыятычнага выхавання да практыкі.