Спартыўна-інтэлектуальны конкурс "Тата, мама, я - Першамайская сям'я" пройдзе 12 мая на тэрыторыі былога піянерлагера "Спадарожнік" пад Віцебскам і будзе прымеркаваны да Міжнароднага Дня сям'і (15 мая), а таксама 72-годдзя Вялікай Перамогі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Спартыўна-інтэлектуальны конкурс "Тата, мама, я - Першамайская сям'я" пройдзе 12 мая на тэрыторыі былога піянерлагера "Спадарожнік" пад Віцебскам і будзе прымеркаваны да Міжнароднага Дня сям'і (15 мая), а таксама 72-годдзя Вялікай Перамогі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Мерапрыемства да гэтага свята праводзіцца штогод, але ўпершыню яму надалі такі незвычайны фармат. Удзельнікамі спаборніцтва стануць лепшыя сем'і супрацоўнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Першамайскага раёна Віцебска. Ім трэба будзе паказаць увесь спектр сваіх спартыўных і іншых талентаў, а таксама веданне гісторыі. У праграме конкурсу - творчы нумар у выглядзе візітнай карткі, квэст, у якім праз рашэнне задач, галаваломак і рэбусаў трэба знайсці скарб. Сем'ям трэба будзе памерацца інтэлектам у віктарыне "Па старонках гісторыі" і стаць абаронцам "Брэсцкай крэпасці" ў гульні лазертаг.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць адміністрацыя Першамайскага раёна Віцебска, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гэтага раёна, раённыя структуры РГА "Белая Русь", БРСМ і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з установамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі раёна. Яны запрашаюць балельшчыкаў, гледачоў і ўсіх аматараў актыўнага адпачынку далучыцца да падзеі, каб разам прапагандаваць сямейныя каштоўнасці. Дарэчы, асаблівую ўвагу да іх прыцягваюць сваім прыкладам шматдзетныя сем'і, якіх у Віцебску налічваецца звыш 1,7 тыс., і некаторыя таксама плануюць паўдзельнічаць у конкурсе.
На гэтым святочныя мерапрыемствы ў Віцебску не заканчваюцца: 15 мая культурна-дзелавы цэнтр "Першамайскі" запрашае гасцей і жыхароў горада на праграму "Любоў захоўвае ачаг сямейны".