Удзельнікаў міжнароднага браняпрабегу Саюзнай дзяржавы "Дарога мужнасці" сустрэнуць сёння ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
Удзельнікаў міжнароднага браняпрабегу Саюзнай дзяржавы "Дарога мужнасці" сустрэнуць сёння ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
Раённы цэнтр стане першым з беларускіх гарадоў, куды прыедуць удзельнікі акцыі. У складзе прабегу 15 адзінак бранятэхнікі - як старыя ўзоры (ёсць мадэль, якая выпускалася ў 1930-х гадах), так і інавацыйныя мадэлі ваеннай тэхнікі. Жыхары горада змогуць убачыць такія магутныя машыны, як БМ14-17, БТР-40, БТР-152, БРДМ-1 і БРДМ-2. У акцыі прымаюць удзел каля 50 чалавек.
"Мы сустракаем іх каля 12.00 на мемарыяльным комплексе "За нашу Савецкую Радзіму!", у народзе больш вядомым, як "Кацюша". Тут адбудзецца мітынг, прысвечаны надыходзячай гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Затым для гасцей правядуць аглядную экскурсію па горадзе, пасля чаго іх прывязуць да памятнага знака пад вёскай Пішчалава, дзе легендарная "Кацюша" зрабіла свой першы залп. А ў гарадскім парку для жыхароў Оршы пройдзе выстава прыбылых машын, жадаючыя змогуць сфатаграфавацца, агледзець іх", - распавёў выканаючы абавязкі начальніка аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Сяргей Гарбачоў.
Раніцай 19 чэрвеня ўдзельнікі выправяцца ў Мінск. 22 чэрвеня яны плануюць прыбыць у Брэст.
Браняпрабег "Дарога мужнасці" па маршруце Масква-Брэст-Масква прымеркаваны да 77-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ён стартаваў 16 чэрвеня на Паклоннай гары ў Маскве і праходзіць у другі раз. Удзельнікі акцыі пераадолеюць больш за 2 тыс. км і наведаюць 10 гарадоў Расіі і Беларусі. У прабегу таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі Таджыкістана, Узбекістана, Арменіі і Казахстана. Шлях супадае з месцамі абароны савецкіх войскаў у 1941 годзе. Праводзіць прабег міжрэгіянальная грамадская арганізацыя садзейнічання вывучэнню эксплуатацыі ваеннай тэхнікі "Ваенна-тэхнічнае таварыства". Акцыя "Дарога мужнасці" рэалізуецца пры падтрымцы Фонду прэзідэнцкіх грантаў (Расія).