22 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вучоныя з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны прымуць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі "Полацк у гісторыі і культуры Еўропы", якая сёння адкрываецца ў Полацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Канферэнцыя праводзіцца ў якасці аднаго з цэнтральных навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных зараджэнню беларускай дзяржаўнасці, 1150-годдзе якой звязана з летапісным Полацкам і адзначаецца ў маі бягучага года. Тут будуць падведзены асноўныя вынікі навуковага даследавання зараджэння і станаўлення дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі, сувязі пісьмовых помнікаў і археалагічных матэрыялаў пачатковага яе перыяду, развіцця старажытных гарадоў, культуры, вызначэнне месца Полацка ў гісторыі і культуры Еўропы. У першы дзень канферэнцыі пройдзе пленарнае пасяджэнне і будуць прэзентаваны кнігі, прысвечаныя юбілею Полацка. Падвядзенне вынікаў і закрыццё навуковага сходу адбудзецца 24 мая. -0-

БЕЛТА