16 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вучоныя-эканамісты з пяці дзяржаў возьмуць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Сацыяльна-эканамічнае развіццё арганізацый і рэгіёнаў Беларусі: устойлівасць, развіццё, інавацыі" у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА доктар эканамічных навук, прафесар, прарэктар універсітэта па навуковай рабоце Алена Ванкевіч. Канферэнцыя адкрыецца 18 кастрычніка і працягне цыкл навукова-практычных мерапрыемстваў, якія праводзіць эканамічны факультэт тэхналагічнага ўніверсітэта пачынаючы з 2001 года. На цяперашнім навуковым форуме будуць абмяркоўвацца актуальныя напрамкі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацый і рэгіёнаў Беларусі і выпрацоўка практычных рэкамендацый па забеспячэнні іх эфектыўнай рэалізацыі. Як адзначыла Алена Ванкевіч, да канферэнцыі традыцыйна назіраецца павышаная цікавасць як беларускіх, так і замежных вучоных і практыкаў. Заяўкі на ўдзел падалі звыш 130 чалавек - вядучыя даследчыкі і спецыялісты, якія займаюцца пытаннямі ўстойлівага развіцця арганізацый і рэгіёнаў, з Даўгаўпілскага ўніверсітэта, Каталіцкага ўніверсітэта ім. Яна Паўла Другога ў Любліне, прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Томскага нацыянальнага даследчага дзяржаўнага ўніверсітэта, Каралёўскага інстытута кіравання, эканомікі і сацыялогіі, Смаленскага інстытута эканомікі, Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэта імя Вадзіма Гецьмана, а таксама прадстаўнікі вядучых навуковых і навучальных устаноў Беларусі: Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я.Купалы.