17 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Год беражлівасці ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці акцэнтуюць увагу на выхаванні беражлівасці ў навучэнцаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
"Усё пачынаецца з дзіцячага садка і школы. Якасці асобы, якія будуць закладзены там і ў сям'і, захаваюцца потым у чалавека на ўсё жыццё. Калі мы з ранняга дзяцінства выхаваем у дзіцяці беражлівыя адносіны, натуральна, што ў будучыні ён вырасце гаспадаром, годным чалавекам нашага грамадства, таму ў Год беражлівасці, абвешчаны ў 2013 годзе, установы адукацыі Віцебскай вобласці акцэнт ва вучэбна-выхаваўчым працэсе зробяць менавіта на фарміраванні ў навучэнцаў гаспадарлівых адносін да ўсіх рэсурсаў", - сказаў Іван Шчурок.
Паводле яго слоў, гэтай тэме будуць прысвечаны шматлікія круглыя сталы, віктарыны, яны стануць асновай інтэлектуальных турніраў і літаратурных конкурсаў. У планах значацца і канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на энергазберажэнне: эканомія электраэнергіі, эканомія паліва, эканомія ўсяго. "Я лічу, што гэту працу нам варта актывізаваць, установы адукацыі могуць дасягнуць тут большага", - дадаў начальнік упраўлення адукацыі. Ён таксама адзначыў, што ў цяперашні час на балансе ўстаноў адукацыі рэгіёна застаюцца 256 кацельняў, якія на працягу бліжэйшых гадоў будуць перададзены жыллёва-камунальнай гаспадарцы вобласці. Важна, што ўсе яны працуюць на мясцовых відах паліва, заключыў суразмоўца.-0-
БЕЛТА
Установы адукацыі Віцебскай вобласці ў Год беражлівасці зробяць акцэнт на выхаванні эканомнасці ў навучэнцаў
17.12.20120 праглядаў