22 лістапада, Верхнядзвінск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прырост інавацыйнай прадукцыі ў ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" па выніках працы ў студзені-кастрычніку 2011 года дасягнуў 24%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Пётр Лаўрынаў. З запускам у ліпені бягучага года новага цэха масласырзавод першым у Беларусі асвоіў выпуск сухой дэмінералізаванай сыроваткі з рознай ступенню дэмінералізацыі - ачышчэннем сыроваткі ад соляў, што ў ёй растварыліся. Новая прадукцыя з'яўляецца імпартазамяшчальнай, попыт на яе вялікі як на ўнутраным, так і на замежным рынку з-за шырокага спектру яе прымянення. Як растлумачыў суразмоўнік, сухая дэмінералізаваная сыроватка выкарыстоўваецца ў харчовай, фармакалагічнай прамысловасці. Яе прымяненне таксама рэкамендавана для вытворчасці дзіцячага харчавання. Яшчэ адной навінкай прадпрыемства з'яўляюцца сырныя прадукты, у якіх жывёльныя тлушчы заменены расліннымі. Асваенне сырных прадуктаў пачата ў сувязі з попытам на іх на расійскім рынку. Упершыню ў бягучым годзе прадпрыемства пачало вырабляць сыр з даданнем грэцкага арэха. Як адзначыў Пётр Лаўрынаў, асваенне новых відаў прадукцыі дазваляе прадпрыемству дынамічна развівацца, умацоўваць свае пазіцыі на ўнутраным і знешнім рынках. Па выніках працы за 10 месяцаў прадпрыемствам выраблена прадукцыі ў дзейсных цэнах на Br105 млрд. Тэмп росту да ўзроўню мінулага года склаў 163%. Экспартавана прадукцыі амаль на $17 млн., што на 37,7% больш, чым у студзені-кастрычніку 2010 года пры станоўчым сальда знешнегандлёвага абароту. Чысты прыбытак прадпрыемства склаў амаль Br17 млрд. пры рэнтабельнасці продажаў 19,3%. Як чакаецца, па выніках 2011 года прырост інавацыйнай прадукцыі складзе 25%. Верхнядзвінскі масласырзавод вядзе сваю гісторыю з 1932 года. Акцыянавана прадпрыемства ў 1999 годзе, яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый. Завод спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў, масла сметанковага і сухой сыроваткі. У структуры перапрацоўкі малака больш за 60% прыпадае на вытворчасць сыроў. Асартыментны пералік уключае звыш 20 найменняў прадукцыі. Прадпрыемствам зарэгістраваны гандлёвыя маркі "Ян сырароб" і "Ульянка" ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" першым у Беларусі атрымала сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005. -0-