17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Упраўленне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ініцыюе навучанне дашкольнікаў правілам бяспечных паводзін на дарозе. Пра гэта сёння было заяўлена на семінары-нарадзе супрацоўнікаў аддзяленняў і міжраённых аддзелаў УДАІ Віцебскай вобласці, якія адказваюць за прафілактыку і папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і ўзаемадзеянне са СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Праблема дзіцячага дарожнага траўматызму стаіць на асаблівым кантролі абласнога ўпраўлення ДАІ. У бягучым годзе адбылося зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, паменшылася колькасць параненых у аварыях непаўналетніх. Як паказвае практыка, галоўнай прычынай дзіцячага дарожнага траўматызму з'яўляюцца не заўсёды правільныя паводзіны дзяцей на дарозе", - адзначыў начальнік упраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Сяргей Матарэнок. У сувязі з гэтым УДАІ УУС ініцыюе неабходнасць правядзення навучальна-выхаваўчых мерапрыемстваў па бяспецы руху, пачынаючы з дзіцячага садка. "Неабходна, каб дзеці, ужо прыйшоўшы ў школу, ведалі асновы бяспечных паводзін на дарозе. На жаль, бацькі надаюць мала ўвагі гэтаму аспекту навучання і самі пры гэтым становяцца прыкладам таго, як не трэба паводзіць сябе на дарозе", - канстатавала начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Алеся Серагіна. Паводле яе слоў, методыкі такога навучання дашкольнікаў правілам дарожнага руху існуюць у Расійскай Федэрацыі і добра сябе зарэкамендавалі. Ініцыятыву абласнога ўпраўлення падтрымала УДАІ МУС. -0-

БЕЛТА