20 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паглыбленне супрацоўніцтва краін ЕўрАзЭС адкрывае новыя магчымасці ў гандлі. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната Валерый Дулінскі.
"Падпісаныя ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэннях Савета кіраўнікоў урадаў СНД і Міждзяржкамітэта ЕўрАзЭС дакументы прыбяруць некаторыя бар'еры, якія прысутнічаюць у рабоце прадпрыемстваў-экспарцёраў, дадуць імпульс устанаўленню і развіццю дзелавых кантактаў", - упэўнены Валерый Дулінскі.
Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат - экспартаарыентаванае прадпрыемства. Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі прадукцыі складае 60%. Пры гэтым 24-25% экспартных паставак прыпадае на Казахстан, асноўная доля - 70% - на Расію. "Непасрэдна для нашага прадпрыемства прынятыя на Міждзяржкамітэце рашэнні адкрываюць перспектыву паглыблення прысутнасці ў расійскіх рэгіёнах", - падкрэсліў кіраўнік завода. Ён выказаў упэўненасць у тым, што адчуць выніковасць праведзенага ў Санкт-Пецярбургу мерапрыемства прадпрыемствы-экспарцёры змогуць ужо ў бліжэйшы час.
Прадпрыемства заснавана ў 1966 годзе. У яго склад уваходзяць Браслаўскі вытворчы філіял і сельгаспрадпрыемства "Мнюта". Камбінат вырабляе малочныя кансервы, масла, сухое малако, цэльнамалочную прадукцыю, казеін, цвёрдыя сычужныя сыры. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае больш за 80 найменняў. Колькасць працаўнікоў - звыш 900 чалавек.-0-
БЕЛТА
Паглыбленне супрацоўніцтва краін ЕўрАзЭС адкрывае новыя магчымасці ў гандлі - экспарцёр
20.10.20110 праглядаў