23 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Крымінальная справа ўзбуджана ў дачыненні да былога дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) Віцебскага аблвыканкама. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам работы міліцыі ў 2011 годзе, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Карыстаючыся сваім службовым становішчам, кіраўнік даў указанне аб складанні і падпісанні актаў выкананых работ з завышэннем аб'ёмаў кошту пры падрыхтоўцы да летняга сезона аднаго з дзіцячых лагераў вобласці. Грошы па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" былі пералічаны, а работы не выкананы. Даказаная шкода склала больш Br1 млрд.
У дачыненні да былога чыноўніка ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), якая прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, разглядаецца пытанне аб узбуджэнні ў дачыненні да яго яшчэ дзвюх крымінальных спраў па аналагічных фактах.
Каментуючы дадзены факт, Аляксандр Найденка адзначыў, што ў будаўнічай галіне выяўляецца дастаткова шмат карупцыйных злачынстваў, асабліва дзе фінансаванне аб'ектаў вядзецца за бюджэтны кошт. "Усе найбольш буйныя праекты мы адсочваем", - падкрэсліў ён.-0-
БЕЛТА
Крымінальная справа ўзбуджана ў дачыненні да былога дырэктара УКБ Віцебскага аблвыканкама
23.1.20120 праглядаў