1 сакавіка, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Указ №75 "Аб знешніх пазыках органаў мясцовага кіравання і самакіравання" дае рэгіёнам дадатковыя магчымасці для прыцягнення замежных інвестыцый. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка фінансавага ўпраўлення Мінаблвыканкама Мікалай Дубавік. Ён адзначыў, што да выдання ўказа выпускаць і размяшчаць за межамі Беларусі аблігацыі маглі толькі рэспубліканскія органы кіравання. Цяпер такое права прадастаўлена і аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму ў межах ліміту доўгу, устаноўленага ў мясцовым бюджэце на адпаведны фінансавы год. Знешнія пазыкі будуць накіраваны на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Прыцягненне інвестыцый у эканоміку рэгіёнаў, у тым ліку прамых замежных на чыстай аснове, - адна з найважнейшых задач 2011 года і пяцігодкі, паколькі трэба будзе рэалізаваць маштабныя праекты як у сферы матэрыяльнай вытворчасці, так і пры развіцці інфраструктуры. І доля бюджэтных сродкаў павінна значна паменшыцца, трэба будзе шукаць іншыя крыніцы фінансавання. "У сувязі з гэтым выхад указа №75 актуальны, гэта яшчэ адзін механізм для прыцягнення замежных інвестыцый", - сказаў Мікалай Дубавік. Як адзначылі ў камітэце эканомікі Мінаблвыканкама, Мінская вобласць ужо цяпер актыўна працуе над прыцягненнем замежных інвестыцый і займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы ў гэтым пытанні. У рэгіёне рэалізуюцца інвестпраекты з удзелам замежных інвестараў, прыцягваюцца замежныя крэдытныя лініі і звязаныя крэдыты і інш. У 2011 годзе згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця ў рэгіён павінна быць прыцягнута звыш $1 млрд. замежных інвестыцый. Указ №75 апублікаваны 28 лютага і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2011 года.-0-

БЕЛТА