24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Указ "Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў" ад 6 студзеня 2012 года дазволіць упарадкаваць чэргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такое меркаванне выказала ў эфіры перадачы "Адкрыты фармат" тэлеканала АНТ першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Ірына Архіпава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Указ аб ільготным крэдытаванні будаўніцтва жылля выкліканы неабходнасцю ўпарадкаваць чэргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і эканоміі грашовых сродкаў", - адзначыла першы намеснік міністра. Дакумент, па словах Ірыны Архіпавай, быў гатовы яшчэ летам, але не быў прыняты ў сувязі з пошукамі рэзерваў для таго, каб выдаць крэдыты ўсім, хто мае патрэбу. "Але ўдалося зрабіць толькі тое, што на ўжо заключаныя крэдытныя дагаворы новыя ўмовы не распаўсюджваюцца. Увогуле, мы ўлічылі ўсё, што змаглі", - падкрэсліла яна.
Што тычыцца вынікаў 2011 года і планаў на 2012-ы, першы намеснік міністра адзначыла, што гэтыя гады не з'яўляюцца паказальнымі для будаўніцтва жылля ў Беларусі. "У краіне шмат зроблена па нарошчванні магутнасцей прадпрыемстваў і можна было б спакойна ў мінулым годзе пабудаваць запланаваныя 7,5 млн. кв. м жылля па рэспубліцы. На гэты год мы атрымалі мінімальнае заданне 4,2 млн. кв. м", - паведаміла яна. Ірына Архіпава лічыць, што бягучы год не з'яўляецца прыдатным для паляпшэння жыллёвых умоў. "Тыя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, будуць скарачацца. Астатнія грамадзяне ў будучыні змогуць пабудаваць жыллё, разлічваючы на ўласныя сілы і сродкі, бо намаганні, якія прымаюцца ўрадам, дадуць эканоміцы краіны зарабіць", - падкрэсліла Ірына Архіпава.-0-
БЕЛТА
Указ аб льготным крэдытаванні будаўніцтва жылля дазволіць упарадкаваць чэргі тых, хто мае патрэбу, - І. Архіпава
24.1.20120 праглядаў