18 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вынікі гістарычных даследаванняў і праведзенага археалагічнага сезона будуць прадстаўлены на навукова-практычнай канферэнцыі "Віцебская даўніна", якая пройдзе ў Віцебску 20-21 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў. У канферэнцыі возьмуць удзел каля 50 вучоных, археолагаў і музейных работнікаў з навуковых, музейных устаноў і вышэйшых навучальных устаноў вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Цікавасць да работы віцебскага археалагічнага форуму праявілі спецыялісты з Расіі і Латвіі. У ходзе мерапрыемства спецыялісты азнаёмяцца з вынікамі археалагічных даследаванняў і работ, прысвечаных пытанням сацыяльна-палітычнага і культурнага развіцця Віцебшчыны за перыяд ад найстаражытнейшых часоў да пачатку XX стагоддзя, а таксама развіццю краязнаўства і фарміраванню музейных калекцый. Так, упершыню навуковай грамадскасці будуць прадстаўлены ўнікальныя прадметы, знойдзеныя археолагамі на тэрыторыі старажытнага Замкавага ручая ў Віцебску ў бягучым годзе. У ходзе археалагічнага назірання, якое вядзецца з 2010 года пры будаўніцтве адміністрацыйнага будынка ў рэчышчы Замкавага ручая і прылеглай да яго тэрыторыі, спецыялісты выявілі драўляную канструкцыю на глыбіні каля 8 м ад паверхні дзённага слоя. Па папярэдніх ацэнках, збудаванне было калісьці гаспадарчай пабудовай. Унутры канструкцыі знойдзены эфес шаблі і некалькі лязаў шабляў, а таксама крыжык з каляровага металу, які можна датаваць канцом XVIII - пачаткам XIX стагоддзя, гузік, па папярэдніх ацэнках, ад мундзіра вайскоўца французскай арміі. Таксама ў бягучым годзе ў актыве археолагаў дастаткова рэдка сустракаемыя знакі адрознення і значкі, якія насілі, у прыватнасці, вайскоўцы ад кавалерыі ў пераходны перыяд канца Расійскай імперыі і пачатку савецкага часу. Да рэдкіх знаходак адносяцца старажытнарускі крыж-энколпіён, а таксама вітыя драцяныя бранзалет і кальцо, характэрныя для XII-XIII стагоддзяў. Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца ўвод у навуковы зварот вынікаў даследчай работы айчынных археолагаў і гісторыкаў, абмеркаванне і абмен данымі па апошніх адкрыццях. Па выніках навуковага форуму плануецца выдаць зборнік матэрыялаў. Арганізатарам канферэнцыі "Віцебская даўніна" выступае Віцебскі абласны краязнаўчы музей.-0-

БЕЛТА