Сёння цэнтральная раённая бібліятэка нашага горада ўпісала новую старонку ў сваю гісторыю. У галоўным кнігасховішчы нашага раёна адкрылася новая экспазіцыя пад назвай «Кніга – часоў злучальная ніць».


Адкрыццё экспазіцыі стала вялікім святам для ўсяго калектыву цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы і цікавай падзеяй для жыхароў нашага горада. Гасцей мерапрыемства ветліва сустрэла дырэктар установы Алена Мазго. Кіраўнік падзякавала кожнага, хто прыйшоў падзяліць гэту значную і доўгачаканую падзею з супрацоўнікамі бібліятэкі. Таксама з прывітальным словам да прысутных звярнулася загадчыца сектара культуры Лепельскага райвыканкама Алена Барадзейка.
-- Перш за ўсё, хачу сказаць, што адкрыццё новай экспазіцыі – гэта вынік каласальнай працы работнікаў цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. Выказваю вялікую падзяку і прызнальнасць усім, хто прымаў удзел у распрацоўцы дызайну экспазіцыі, прарабіў карпатлівую навукова-даследчую працу і неўзабаве напоўніў стэнды, паліцы і вітрыны такімі эксклюзіўнымі і цікавымі выданнямі і прадметамі. Экспазіцыя падарыла часткова забытым рэчам новае жыццё. Усё набыло парадак, сістэматызавалася і знайшло сваё месца.
Першую экскурсію па зале правяла бібліёграф Алена Стайнова.
-- Наша бібліятэка ставіць перад сабой задачу паказаць гісторыю кнігі і
яе развіццё на тэрыторыі Беларусі, таму асобная экспазіцыя
прысвечана гісторыі ўзнікнення кнігі на Беларусі і дзейнасці
Францыска Скарыны, а таксама яго паслядоўнікаў, -- так пачала сваю аповяд бібліёграф. Кнігі Уільяма Шэкспіра «Кароль Лір» і Івана Тургенева «Рудын. Напярэдадні», выдадзеныя на беларускай мове, «Кніга карысных парад» 1958 года выдання пад рэдакцыяй Аляксандры Ус, кніга Уладзіміра Лабанка
“Партызаны прымаюць бой” 1972 года выдання з даравальным надпісам самога аўтара, кнігі для сляпых, надрукаваныя шрыфтам Брайля, аўдыякнігі, пласцінкі, дыяпраектары, відэакасеты – гэтыя і іншыя ўнікальныя выданні напоўнілі лакацыю, і яны, сапраўды, заслугоўваюць увагі лепельчан.