На Віцебшчыне практычна завершана падрыхтоўка жыллёвага фонду і цеплакрыніц да цяперашняга ацяпляльнага сезона. Пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе кацельныя паўночнага рэгіёна, праца працягваецца па некаторых аб'ектах жылфонду, паведамілі ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама.
 
Падрыхтоўку прадпрыемстваў да ацяпляльнага сезона спецыялісты сферы і адказныя службы вядуць па графіку. "Сёння на аб'ектах цеплазабеспячэння праведзены выпрабаванні абсталявання і цеплавых сетак, выкананы прафілактычны рамонт абсталявання кацельных і цэнтральных цеплавых пунктаў, ачыстка ўнутранай паверхні 487 адзінак катлоў, 133 бойлераў, капрамонт 12 сталёвых катлоў, заменены 7 нееканомных катлоў, праведзены іншыя прафілактычныя работы. Ужо па дадзеных на 14 верасня, план па замене цепласетак быў выкананы больш чым на 99% ад гадавога задання", - удакладнілі ва ўпраўленні. 

Пашпарты гатоўнасці ўжо атрымалі ўсе 499 кацельных вобласці і 23 з 24 спажыўцоў цеплавой энергіі. Спецыялісты правялі прафілактычнае абслугоўванне ўсіх аб'ектаў водазабеспячэння, выканалі рамонт артэзіянскіх свідравін, водазаборных калонак, пажарных гідрантаў і помпаў. Перакладзена больш за 63,5 км старых водаправодных сетак, што складае 87% ад іх агульнай колькасці. Падрыхтоўка жылфонду завяршаецца. "Прафілактычны рамонт і апрацоўка выкананы ў 6504 жылых дамах і 5603 цеплавых пунктах - 99% ад плана, - дадалі ва ўпраўленні. - Дымавыя і вентыляцыйныя каналы ў жылых дамах правяраюць і прыводзяць у парадак арганізацыі, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жылфонду і прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі".

Арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскай вобласці стварылі запас драўнянага паліва - дроў і шчэпак - больш за 392 тыс. куб.м (130,9% да плана). У кацельных і міні-ЦЭЦ, якія выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, абсталяваны пляцоўкі і навесы для сушкі і захоўвання цвёрдага паліва.

Прадпрыемствы рэгіёну аснашчаны тэхнікай для ўборкі снегу і ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі зімой, маюць запас супрацьгалалёдных матэрыялаў. Для ліквідацыі аварыйных сітуацый на крыніцах цеплазабеспячэння і цеплавых сетках у вобласці ёсць дзве перасоўныя мабільныя кацельныя. Падрыхтоўка жыллёвага фонду і цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона практычна завершана, заключылі ва ўпраўленні.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by