Узровень беспрацоўя ў Віцебскай вобласці на 1 жніўня склаў 0,7%
13.8.20120 праглядаў
13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Узровень беспрацоўя ў Віцебскай вобласці на 1 жніўня склаў 0,7%. Папярэднія даныя аб сітуацыі на рынку працы ў рэгіёне карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама.
Для рынку працы Віцебскай вобласці ў студзені-ліпені характэрна захаванне асноўных тэндэнцый: зніжэнне колькасці зваротаў; колькасці беспрацоўных, якія стаяць на ўліку; памяншэнне колькасці зарэгістраваных беспрацоўных, а таксама павелічэнне патрэбы наймальнікаў у работніках, адзначылі ў камітэце.
Так, на 1 жніўня бягучага года ў вобласці было каля 7,3 тыс. свабодных рабочых месцаў, а беспрацоўных зарэгістравана на гэту дату 4,1 тыс. чалавек. Пры гэтым колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у рэгіёне змяншаецца: на 1 жніўня іх стала менш за 4,1 тыс. чалавек (год таму было 4,3 тыс.). У структуры попыту на рабочую сілу па-ранейшаму пераважаюць рабочыя прафесіі, якія складаюць 85% ад агульнай колькасці вакансій. Больш за ўсё прапаноў аб рабоце звязана з пошукам кіроўцаў, будаўнікоў рознага профілю, станачнікаў, жывёлаводаў, механізатараў. Наймальнікі таксама маюць патрэбу ў паслугах прадаўцоў, медсясцёр, зборшчыкаў абутку, інжынераў, швачак.
Сярод беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, 49,4% склалі жанчыны, што на 1,6% менш у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Усяго ў студзені-ліпені бягучага года ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнуліся 28,1 тыс. чалавек. На пастаянную работу за гэты перыяд працаўладкавана 20,1 тыс. грамадзян, у тым ліку 12 тыс. беспрацоўных. Садзейнічанне ў працаўладкаванні аказана 1,3 тыс. жыхарам вобласці (з іх 950 беспрацоўных), якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне (дзеці-сіроты, інваліды, якія ўпершыню атрымліваюць працу ва ўзросце да 21 года, вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі). Для 24 беспрацоўных інвалідаў арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці, створана 5 рабочых месцаў.
Каля 300 беспрацоўных у мінулым перыядзе атрымалі субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. 61 сям'і беспрацоўных выдзелена матэрыяльная дапамога і пакрыты выдаткі ў сувязі з пераездам на новае месца жыхарства і работы.
З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы каля 1,4 тыс. беспрацоўных накіраваны на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі. Звыш 6,9 тыс. чалавек для арганізацыі часовай занятасці былі накіраваны на аплачваныя грамадскія работы.
Усяго колькасць занятых у эканоміцы вобласці склала 551,2 тыс. чалавек.
БЕЛТА