24 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці па выніках першага паўгоддзя 2012 года адзначаецца самая нізкая ў рэспубліцы ўдзельная вага падлеткавай злачыннасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
За шэсць месяцаў у Віцебскай вобласці падлеткамі і пры іх саўдзеле здзейснена 167 злачынстваў, што на 23,7% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Іх удзельная вага ў агульным аб'ёме злачыннасці склала 4%. Колькасць непаўналетніх, уцягнутых у злачынную дзейнасць, знізілася на 14,3% да 156, удзельная вага - 4,4%. Гэтыя паказчыкі з'яўляюцца лепшымі па рэспубліцы, падкрэсліла Ірына Януковіч.
Разам з тым пры агульным зніжэнні па вобласці падлеткавай злачыннасці яе рост адзначаецца ў Віцебскім, Глыбоцкім, Дубровенскім, Лепельскім, Лёзненскім і Ушацкім раёнах. Высокая ўдзельная вага падлеткавай злачыннасці захоўваецца ў Віцебску, Віцебскім, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Глыбоцкім, Мёрскім і Ушацкім раёнах.
Ірына Януковіч таксама расказала аб праведзенай рабоце па рэалізацыі патрабаванняў дэкрэта №18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем'ях". У прыватнасці, за першае паўгоддзе ўтрыманне абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, склала 50,8%. У шэрагу рэгіёнаў вобласці (Віцебскім, Ушацкім, Полацкім, Лёзненскім, Сенненскім, Браслаўскім і інш.) працэнт утрымання застаецца ніжэйшым за сярэднеабласны паказчык.
Патрэбнымі ў дзяржаўнай абароне за студзень-чэрвень прызнаны 339 дзяцей (за час дзеяння дэкрэта - 3671), вернута ў біялагічныя сем'і 205 дзяцей, або 60,4% (адпаведна 2042, або 55,6%). На 1 ліпеня 2012 года на ўліку складаліся 312 дзяцей, прызнаных патрэбнымі ў дзяржаўнай абароне, з 198 сем'яў.-0-
БЕЛТА
Узровень падлеткавай злачыннасці ў Віцебскай вобласці самы нізкі ў краіне
24.7.20120 праглядаў