16 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Узровень злачыннасці знізіўся ў Віцебскай вобласці па выніках I квартала на 4,9%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Багачоў. Па яго словах, у выніку актыўнай і ўзгодненай работы ўсіх зацікаўленых ведамстваў па прафілактыцы правапарушэнняў, сістэмным вырашэнні сацыяльных праблем, у апошні час удалося дамагчыся зніжэння ўзроўню злачыннасці, замацаваць агульныя станоўчыя тэндэнцыі ў дынаміцы і структуры злачыннасці, палепшыць ахову грамадскага парадку. Так, усяго за студзень-сакавік у рэгіёне зарэгістравана 3,1 тыс. злачынстваў. У структуры злачынстваў адзначаецца скарачэнне колькасці разбойных нападаў, рабаванняў, згвалтаванняў, хуліганскіх праяў. Разам з тым крымінагенная сітуацыя застаецца складанай у Віцебскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Докшыцкім, Аршанскім, Лёзненскім, Полацкім, Сенненскім раёнах. Захоўваюць сваю актуальнасць пытанні папярэджання рэцыдыўнай злачыннасці: іх рост адзначаецца ў Глыбоцкім, Гарадоцкім, Лёзненскім, Аршанскім, Сенненскім, Докшыцкім раёнах. Не ўсюды назіральнымі камісіямі пры гар-, райвыканкамах надаецца належная ўвага пытанням занятасці, сацыяльнай рэадаптацыі асоб, вызваленых з папраўчых устаноў, якія вярнуліся з ЛПП, а таксама арганізацыі дзейснага кантролю за іх паводзінамі. Сярод іншых напрамкаў, якія патрабуюць увагі, Ігар Багачоў адзначыў недастатковую работу выканкамаў Браслаўскага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Мёрскага, Аршанскага, Шумілінскага раёнаў у частцы прыняцця мер, накіраваных на забеспячэнне эфектыўнай дзейнасці саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку (ГПАП). Ён таксама падкрэсліў, што не ва ўсіх саветах ГПАП арганізавана работа па маніторынгу крымінагеннай абстаноўкі і аналізе дынамікі злачыннасці на замацаваных тэрыторыях. Маюць месца факты фармальнага функцыянавання саветаў у Аршанскім, Ушацкім, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Докшыцкім, Дубровенскім, Полацкім, Лепельскім, Пастаўскім, Мёрскім, Сенненскім раёнах і Оршы.