Узровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік знізіўся на 21%
22.11.20120 праглядаў
22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Узровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 21%. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За 10 месяцаў на тэрыторыі рэгіёна здзейснена 10,2 тыс. злачынстваў. Узровень злачыннасці на 10 тыс. насельніцтва склаў 84,1 (па рэспубліцы - 89,6). У параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2011 года скарацілася колькасць рабаванняў (на 19,4%), разбояў (на 5,1%), згвалтаванняў (на 33,3%), хуліганскіх праяў (на 47,9%), крадзяжоў усіх відаў (на 19,7%), фактаў махлярства (на 37,6%). Менш зарэгістравана злачынстваў, здзейсненых ва ў стане алкагольнага ап'янэння (на 8,4%), у групе (на 13,7%), паўторна (на 19,3%), непаўналетнімі (на 19,2%).
"Штодзённая прадметная праца ўсіх зацікаўленых ведамстваў па рэалізацыі палажэнняў Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй дазволіла дамагчыся стабільнай аператыўнай абстаноўкі ў рэгіёне, абараніць законныя правы і інтарэсы грамадзян, забяспечыць захаванасць дзяржаўнай уласнасці, павысіць аўтарытэт дзяржаўнай улады ў вачах насельніцтва", - падкрэсліў пракурор вобласці.
Генадзь Дыско нагадаў, што ў гэтым годзе завяршаецца выкананне Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2010-2012 гады і адпаведнай абласной праграмы на бягучы год. "За мінулы час зроблена нямала для вырашэння праграмных задач. Дзейнасць дзяржаўных органаў рэгіёна была сканцэнтравана на вырашэнні канкрэтных праблем забеспячэння аховы грамадскага парадку па месцы жыхарства насельніцтва, арганізацыі стройнай і дзеяздольнай сістэмы прафілактыкі правапарушэнняў, павышэнні адказнасці службовых асоб за стан правапарадку ў рэгіёнах", - канстатаваў ён.
У мэтах рэалізацыі мерапрыемстваў абласной праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй пракуратурай вобласці ажыццяўляўся пастаянны маніторынг крымінагеннай абстаноўкі, прычын і ўмоў, якія спрыяюць парушэнням прававых норм. Штоквартальна праводзіўся дэтальны аналіз стану і дынамікі злачыннасці, праяўленняў фактаў карупцыі і іншых форм антыграмадскіх паводзін. Вынікі аналізу разглядаліся на пасяджэнні калегіі, аператыўных і каардынацыйных нарадах. Значны аб'ём прафілактычнай работы праведзены органамі ўнутраных спраў, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў, мытнымі і падатковымі органамі, іншымі дзяржаўнымі структурамі.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, у цэлым станоўча ацэньваючы аб'ём праведзенай работы, звярнуў увагу на негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з ростам злачыннасці ў асобных рэгіёнах вобласці. Так, у Докшыцкім раёне ўзровень злачыннасці вырас у параўнанні з студзенем-кастрычнікам 2011 года на 13,7%. Высокім застаецца паказчык у Віцебскім, Аршанскім, Чыгуначным г.Віцебска, Шумілінскім, Дубровенскім, Сенненскім, Талачынскім раёнах. У структуры злачыннасці па-ранейшаму пераважаюць крадзяжы, іх удзельная вага складае 54,5% ад усіх зарэгістраваных злачынстваў. Знізілася раскрывальнасць злачынстваў. Акрамя таго, у бягучым годзе ўзрасла колькасць забойстваў і замахаў на забойства, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, угонаў аўтатранспарту, злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі. Нарэканні губернатара выклікала таксама работа патрульна-паставой службы, работа праваахоўных органаў па лініі незаконнага абароту наркатычных сродкаў, забеспячэння бяспекі грамадскіх аб'ектаў і інш.
"Усе гэтыя пытанні патрабуюць дбайнага разгляду і рэагавання", - падкрэсліў Аляксандр Косінец, запатрабаваўшы ад пракуратуры ўзмацніць сваю каардынуючую ролю ў прафілактыцы злачыннасці, а ад кіраўнікоў мясцовых органаў улады неадкладна прымаць меры па ўсіх інфармацыйных запісках дадзенага ведамства. -0-
БЕЛТА