30 лістапада, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Узровень рэальных грашовых даходаў насельніцтва ў 2011 годзе ў параўнанні з 2010 годам не знізіцца. Пра гэта паведаміў сёння віцэ-прэм'ер Беларусі Сяргей Румас на сумесным пасяджэнні дзвюх палат Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Узровень рэальных грашовых даходаў насельніцтва ў 2011 годзе складзе не менш за 100% да 2010 года", - сказаў віцэ-прэм'ер. Сяргей Румас прызнаў, што ў цяперашніх эканамічных умовах "аб'ектыўна ўзнікаюць асобныя неспрыяльныя з'явы, найбольш балючыя з іх звязаны з пагаршэннем узроўню жыцця насельніцтва". Урадам арганізавана сістэма выяўлення пагроз, якія ўзнікаюць, прымаюцца меры па іх мінімізацыі. Асноўнай задачай дзяржаўнай палітыкі ў галіне аплаты працы з'яўляецца захаванне рэальнага зместу заработнай платы. За студзень-верасень 2011 года ўзровень рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 104,8%. Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што ўрад прымае меры па збалансаванасці спажывецкага рынку. "Гэта запатрабавала ручной працы ўрада", - канстатаваў ён. У раздробнай гандлёвай сетцы захаваўся неабходны асартымент спажывецкіх і прамысловых тавараў. Пры гэтым спажывецкі рынак забяспечваецца ў асноўным прадукцыяй айчыннай вытворчасці. Да канца бягучага года прагназуецца захаванне росту аб'ёмаў спажывецкага рынку. "Насельніцтва будзе забяспечана таварамі па даступных цэнах", - сказаў Сяргей Румас. -0-

БЕЛТА