21 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Узровень беспрацоўя, які рэгіструецца, у Віцебскай вобласці на 1 лістапада склаў 0,7% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва пры планаваным на канец года 1,2%. Пра гэта паведаміла сёння першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ірына Матвеева на пасяджэнні калегіі ведамства па выніках работы ў студзені-кастрычніку 2012 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усе рэгіёны вобласці не перавысілі ўстаноўленыя гранічна дапушчальныя параметры па ўзроўні беспрацоўя. Пры гэтым найменшы ўзровень беспрацоўя адзначаецца ў Верхнядзвінскім і Мёрскім раёнах, найбольшы - у Бешанковіцкім раёне.