25 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Узровень вады на рэках Віцебскай вобласці праходзіць максімальныя значэнні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Пад'ём вады на прытоках Заходняй Дзвіны дасягнуў максімальных значэнняў, якія сёлеташняй вясной на 1-1,5 м ніжэйшыя за сярэднія шматгадовыя значэнні. Адзіным рэгіёнам вобласці, дзе ў цяперашні час адзначаецца пагроза падтапленняў у сувязі з разводдзем, з'яўляецца Верхнядзвінскі раён. З-за рэзкага пацяплення, якое пачалося 14-15 красавіка, і багатых ападкаў, што прайшлі на мінулых выхадных, у вярхоўях Заходняй Дзвіны пачалося актыўнае раставанне снегу, што прывяло да інтэнсіўнага росту ўзроўню вады ў гэтай рацэ ад Суража да Верхнядзвінска. У цяперашні час у Верхнядзвінскім раёне ён складае 830 см, ушчыльную наблізіўшыся да небяспечна высокага значэння, з якога пачынаюцца падтапленні. Разам з тым у бліжэйшыя дні ў самым паўночным рэгіёне Беларусі чакаюцца спрыяльныя ўмовы надвор'я, якія павінны станоўча паўплываць на сітуацыю, што склалася, і зняць пагрозу падтапленняў у Верхнядзвінску, дадалі ў аблгідрамеце, адзначыўшы, што ў цэлым разводдзе сёлета ў Віцебскай вобласці прайшло спакойна.-0-

БЕЛТА