6 ліпеня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Узровень пакрыцця насельніцтвам затрат на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2011 годзе ў Беларусі ўзрасце з 22% да 30%. Аб гэтым заявіў сёння віцэ-прэм'ер Сяргей Румас, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў працоўнага калектыву ААТ "МАЗ", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы вымушаны павышаць тарыфы на камунальныя паслугі, - адзначыў Сяргей Румас. - У нас ёсць жорсткае абавязацельства па выхадзе на 30-працэнтнае пакрыццё затрат насельніцтвам у тарыфах". Сёння пакрыццё насельніцтвам затрат на паслугі ЖКГ складае прыкладна 22-23%. Па словах віцэ-прэм'ера, павышэнне будзе адбывацца не адначасова, а паступова да канца года. "Той узровень пакрыцця затрат, які дзейнічае сёння, вельмі нізкі, - лічыць Сяргей Румас. - Напэўна, за апошнія дзесяць гадоў ён не апускаўся да такіх лічбаў - 22-23%". Адначасова дзяржава будзе распрацоўваць меры кампенсацыі малазабяспечаным слаям насельніцтва пры павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Будуць вернуты субсідыі. "Калі доля камунальных плацяжоў у даходах вышэй за пэўны ўзровень, то грамадзяне могуць прэтэндаваць на атрыманне жыллёвых субсідый", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Ён таксама сказаў, што да канца года магчыма павышэнне цэн на бензін. У прыватнасці, нязначна павысіцца цана на 95-ы бензін. "Потым, магчыма, будуць павышацца цэны на іншыя віды паліва, але гэта ўсё будзе адбывацца пад кантролем урада і не перавысіць параметры, якія вызначыў Прэзідэнт", - падкрэсліў Сяргей Румас. "Так, як было ў мінулы раз, калі адначасова павысіліся цэны на бензін, не будзе. Урад засвоіў урокі з таго адначасовага павышэння цэн", - сказаў віцэ-прэм'ер.-0-

БЕЛТА