14 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Узровень заработнай платы ў $500 у снежні будзе дасягнуты. Упэўненасць у гэтым выказаў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах кіраўніка ўрада, гэта рэальны паказчык. А да снежня 2013 года сярэдняя заработная плата ў цэлым па краіне ўзрасце да $600, у бюджэтнай сферы - да $500, і гэты рост будзе звязаны з ростам прадукцыйнасці працы. Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе, хутчэй за ўсё, не ўдасца выйсці на зададзены ўзровень кампенсацыі насельніцтвам затрат ЖКГ. Па ацэнцы, дадаткова спатрэбіцца знайсці Br2 трлн. - гэтыя сродкі фактычна не заплаціць насельніцтва, і іх можна аднесці да непрамых даходаў. Акрамя таго, дадаў прэм'ер, здароўе эканомікі дазваляе ў бягучым годзе павялічыць аб'ём крэдытавання льготнага жыллёвага будаўніцтва яшчэ на Br1,8 трлн. Зноў жа, гэта дадатковыя даходы людзей. Рэальная заработная плата па рэспубліцы, па ацэнцы, за 2012 год павялічыцца ў параўнанні з 2011 годам на 20,3% пры прагнозе на 4-4,2%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы - на 17,4% пры прагнозе на 3,5%. Па выніках сямі месяцаў гэтага года з 36 відаў эканамічнай дзейнасці, якія прадстаўляюць рэальны сектар эканомікі, сярэдняя заработная плата ў $450-495 і вышэй склалася ў 52,7% відаў. Амаль 730 тыс. работнікаў, або 35,8% ад агульнай колькасці працуючых у рэальным сектары эканомікі, у ліпені бягучага года мелі даход больш за $500.-0-

БЕЛТА