11 чэрвеня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі на 1 чэрвеня бягучага года ўзровень зарэгістраванай беспрацоўнасці склаў 0,6% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. За май гэты паказчык знізіўся на 0,1 працэнтнага пункта, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Коханаў. Дарэчы, на 1 чэрвеня мінулага года дадзены паказчык быў 0,7%. У бягучым годзе на працягу некалькіх месяцаў зарэгістраваная беспрацоўнасць таксама захоўвалася на ўзроўні 0,7% (з 1 лютага 2012 года). Па статыстычных дадзеных, за май гэтага года беспрацоўнасць не змянілася ў большасці рэгіёнаў краіны: яна захавалася на ўзроўні 0,8% у Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях, 0,7% - у Магілёўскай, 0,6% - у Мінскай вобласці. На 0,1 працэнтнага пункта яна знізілася ў Гомельскай вобласці (да 0,9%) і ў Мінску (да 0,2%). "Як і прагназавалася, становішча на рынку працы рэспублікі стабільнае, не выклікае асцярог, - сказаў суразмоўца. - Сітуацыя характарызуецца ростам колькасці вакансій і зніжэннем рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных, - сказаў Мікалай Коханаў. - З вясны адчуваецца сезоннае ажыўленне на рынку працы рэспублікі: узрастае патрэба наймальнікаў у працоўнай сіле, а значыць, пашыраюцца магчымасці для працаўладкавання". Зрэшты, прызнаў прадстаўнік міністэрства, вакансіі ў банку дадзеных дзяржслужбы занятасці (зыходзячы з заявак наймальнікаў) далёка не заўсёды прывабныя з пункту гледжання аплаты працы. У Беларусі на 1 чэрвеня на ўліку па беспрацоўнасці ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне стаялі 29,7 тыс. чалавек - на 5,1% менш у параўнанні з 1 чэрвеня 2011-га. За май колькасць зарэгістраваных беспрацоўных паменшылася на 0,9 тыс. чалавек (за красавік - на 0,4 тыс.). Што тычыцца рэгістрацыі беспрацоўных, то ў студзені-маі статус беспрацоўнага атрымалі 78,9 тыс. чалавек - на 3% менш у параўнанні са студзенем-маем мінулага года. Мікалай Коханаў лічыць, што асаблівую ўвагу трэба надаць прафарыентацыі моладзі: "Эканоміка адчувае патрэбу ў прафесійных кадрах рабочых, расце попыт на кваліфікаваную рабочую сілу. Таму маладыя людзі павінны планаваць сваю будучыню зыходзячы ў тым ліку з рэальнай патрэбы рынку працы і бесстаронняй ацэнкі сваіх ведаў. Трэба імкнуцца атрымаць спецыяльнасць, якая патэнцыйна запатрабавана наймальнікамі".