Ураджай бульбы ў Беларусі прагназуецца на 10-15% вышэйшы за леташні, заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

"Гэты год - ідэальны для бульбы. Пры такіх умовах надвор'я яна ўжо саспела і гатова да ўборкі. Думаю, што ў сярэднім будзе ўраджай бульбы на 10-15% вышэйшы, чым у мінулым годзе", - адзначыў Леанід Марыніч. Ён канстатаваў, што ў гаспадарак-лідараў ураджайнасць дасягае 600-700 ц/га.

Адносна ўборкі збожжавых Леанід Марыніч выказаў упэўненасць, што поўнасцю яна завершыцца да канца бягучага тыдня. "Тактыка ў нас адна - не зніжаць тэмп уборкі, якімі б ні былі ўмовы надвор'я. Віцебскі аблвыканкам ужо разглядае магчымасць перакідання камбайнаў са сваіх усходніх рэгіёнаў - Аршанскага, Лепельскага раёнаў, дзе высокія адсоткі ўборкі, у іншыя рэгіёны. Усе вобласці, нават Віцебская, павінны завяршыць уборку да канца тыдня, Гродзенская, Гомельская, Мінская і Магілёўская - на працягу двух дзён", - падкрэсліў Леанід Марыніч.

Першы намеснік міністра паведаміў, што па выніках плануецца сабраць каля 7,8 млн т збожжавых без уліку кукурузы. "Умовы надвор'я для развіцця і наліву кукурузы ў бягучым годзе неспрыяльныя. Уборка кукурузы ў нас завяршаецца ў кастрычніку - першых чыслах лістапада", - растлумачыў Леанід Марыніч.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)