13 жніўня, Смалявіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Ураджай збожжавых у Беларусі без уліку кукурузы сёлета складзе каля 7 млн.т. Пра гэта далажыў сёння Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Міхаіла Русага, у саўгасах будзе намалочана 6,8 млн.т, а ў насельніцтва і фермераў - каля 600 тыс.т. Усяго ж у свіране ва ўсіх катэгорыях гаспадарак будзе каля 7 млн.т. Уборку збожжавых, не лічачы кукурузы, у рэспубліцы плануецца завяршыць да серады наступнага тыдня.
Таксама ўжо паступова нарошчваюцца тэмпы ўборкі кукурузы. Аграрыі краіны плануюць атрымаць каля 1 млн.т ураджаю гэтай культуры, з якіх пакладуць у свіран больш за 800 тыс.т.
Як было дакладзена Прэзідэнту, у цэлым ураджай кукурузы дастаткова добры, аднак ёсць страты з-за надвор'я ў Гомельскай вобласці і месцамі ў Магілёўскай.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна прапрацаваць варыянты, як можна дапамагчы пацярпелым раёнам, каб там не скарацілася пагалоўе жывёлы, бо кукуруза выкарыстоўваецца ў якасці кармоў.
Кіраўніку дзяржавы таксама дакладзена аб тэмпах уборкі саломы. Як паведаміў Міхаіл Русы, ужо ўбрана 73%. Пры гэтым высокі попыт на салому ў Расіі.
Што тычыцца бульбы, то, паводле слоў Міхаіла Русага, беларускія аграрыі разлічваюць на ўраджай каля 1 млн.т толькі ў калгасах, не лічачы насельніцтва. У наступным годзе пасяўныя плошчы гэтай культуры плануецца пашырыць, каб атрымаць ужо каля 1,5 млн.т ураджаю. Пры гэтым увага будзе ўдзяляцца не толькі вытворчасці, але і перапрацоўцы.
Прэзідэнту таксама было дакладзена аб перспектывах на ўраджай сярод іншых сельскагаспадарчых культур.-0-
БЕЛТА
Ураджай збожжавых у Беларусі без уліку кукурузы складзе каля 7 млн. т
13.8.20100 праглядаў