Больш за дваццаць гадоў прайшло з таго часу, як савецкія войскі былі выведзены з Афганістана. Аднак водгукі тых страшных, жудасных дзён і зараз шчымлівым болем адгукаюцца ў сэрцах бацькоў, родных і блізкіх салдат, афіцэраў, якія аддалі свае жыцці, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Падзеі вайны ў далёкім Афганістане назаўжды засталіся ў жудасных успамінах воінаў, якія, прайшоўшы праз жахі далёкай вайны, засталіся жывымі. Мы нізка схіляем галовы перад мужнасцю і адвагай воінаў-інтэрнацыяналістаў і захоўваем святую памяць аб тых, хто не вярнуўся з поля бою…

Захапленне подзвігамі адважных воінаў-інтэрнацыяналістаў мы павінны перадаць наступным пакаленням. Данінай памяці аб іх подзвігах стаў турнір па баскетболе, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Ігара Салаўёва, які кожны год праводзіцца ў нашым раёне. Удзел у турніры прымаюць каманды гарадскіх і сельскіх школ нашага горада і раёна. Хлопцам, якія паспяхова абараняюць гонар сваіх навучальных устаноў у шэрагу спартыўных мерапрыемстваў, у будучым трэба будзе служыць у радах Узброеных Сіл, і ўжо зараз ім уласцівы дух патрыятызму, гатоўнасць абараніць гонар Радзімы. Сёлета ўдзел у турніры пажадалі прыняць восем каманд усіх школ горада, а таксама Бароўскай, Старалядненскай, Слабадской і Заслонаўскай сярэдніх школ.

Урачыстае адкрыццё турніру адбылося ў спартыўнай зале Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Падтрымаць юных спартсменаў у адказны час гульні пажадалі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргей Крывель, многія воіны-інтэрнацыяналісты нашага раёна. Старшынёй судзейскай калегіі быў прызначаны дырэктар дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр” Раман Стрыпейкіс.