5 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паслуга сацыяльнага санаторыя на даму з'явіцца ў Полацкім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Новая паслуга "Санаторый на даму" накіравана на выкананне нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2011-2015 гады і з'яўляецца часткай праекта "Ляцім на дапамогу", арганізаванага летась тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна. Па праекце каманда ў складзе медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, цырульніка, валанцёраў і актывістаў грамадскіх аб'яднанняў, святара, а таксама прыцягнутых да паездкі сяброў і знаёмых адзінокіх грамадзян ездзіць па Полацкім рэгіёне на мікрааўтобусе з лагатыпам - вясёлай пчалкай для аказання ўвагі адзінокім пажылым людзям. За час працы каманда "пчалок" падарыла душэўнае цяпло ўжо больш чым 180 людзям.
Поспех праекта прымусіў арганізатараў задумацца аб яго развіцці з мэтай павышэння эфектыўнасці дасягнення задач: павышэння працягласці і паляпшэння якасці жыцця насельніцтва. Такім чынам з'явіўся новы напрамак працы "лятучай каманды" - "Санаторый на даму". Цяпер пры паступленні адпаведнай заяўкі да пенсіянераў будзе выязджаць таксама каманда ўрачоў Полацкай гарадской цэнтральнай бальніцы. Яна будзе ўключаць урача, прымацаванага да тэрыторыі, рэабілітолага, валеолага і герыятра. Спецыялісты правядуць першасны агляд пацыента, прызначаць медыкаментозную тэрапію, комплекс лячэбна-аздараўленчых працэдур, якія магчыма выконваць дома, дадуць рэкамендацыі па харчаванні і профілі захворвання з улікам узросту, вызначаць неабходнасць шпіталізацыі і г.д.
Першы выезд "Санаторыя на даму" адбудзецца 8 жніўня.
"За апошнія гады працягласць жыцця людзей Полацкага раёна павялічылася з 69 гадоў да 71 года. Праект стане адным з фактараў, які дазволіць павысіць гэты паказчык да 72-73 гадоў", - перакананы ў райвыканкаме.-0-