У Беларусі зацверджаны рэспубліканскі план па правядзенні Года культуры, паведамілі БЕЛТА ў Савеце Міністраў.
У плане згаданы розныя конкурсы, фестывалі, форумы і г.д. Так, на працягу 2016 года запланавана правядзенне акцый "Культурная сталіца Беларусі" і "Мецэнат культуры ў Год культуры", рэспубліканскіх конкурсаў - "Горад культуры ў Год культуры" (найбольш паспяховы турыстычны цэнтр) і "Чалавек Года культуры" (сярод работнікаў гэтай сферы). Вынікі рэспубліканскіх конкурсаў будуць падведзены ў пачатку 2017 года.
Працягнецца мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, у тым ліку ідзе размова аб завяршэнні рэканструкцыі комплексу будынкаў і збудаванняў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", аб завяршэнні капітальнага рамонту і рэканструкцыі памяшканняў рэгіянальных устаноў культуры. Працягнецца стварэнне Музейнага квартала ў Мінску на базе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (будаўніцтва плануецца завяршыць у 2018 годзе).
Акрамя таго, у 2016 годзе будуць рэалізаваны мерапрыемствы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, плануецца завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы і заканчэнне рэканструкцыі з рэстаўрацыяй помніка архітэктуры XVIII стагоддзя - Свята-Пакроўскага манастыра ў Талачыне. Пройдуць Дні еўрапейскай спадчыны, у рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА будзе прадстаўлена дасье "Святкаванне ў гонар абраза Божай Маці Будслаўскай".
У чэрвені па традыцыі пройдзе Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, у ліпені - свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), у жніўні-верасня - міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", у снежні - канферэнцыя "Другія Беларускія Калядныя чытанні". У плане - міжнародная акцыя "Ноч музеяў" (май) і III Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" (верасень-кастрычнік). У маі-чэрвені таксама пройдуць XIV Свята мастацтваў "Мірскі замак" і фестываль "Музычныя вечары ў замках Беларусі".