10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зацверджаны склад рабочай групы для падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага суботніка. Ён сёлета пройдзе 20 красавіка. Такая дата вызначана пастановай Савета Міністраў №275 ад 9 красавіка бягучага года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Кіраўніком рабочай групы з'яўляецца намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пракаповіч, намеснікамі кіраўніка - міністр аховы здароўя Васіль Жарко і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. У пастанове адзначаецца, што неабходна стварыць у абласцях, гарадах, раёнах і арганізацыях рабочыя групы для падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага суботніка з улікам удзелу ў ім грамадзян выключна на добраахвотнай аснове.
У сувязі з аб'яўленнем 2013 года Годам беражлівасці і з мэтай забеспячэння максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, выхавання ў грамадзян беражлівасці і гаспадарлівасці, а таксама падтрымкі прапаноў калектываў работнікаў арганізацый і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб правядзенні рэспубліканскага суботніка рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзярж-арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 20 красавіка рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан тэрыторый населеных пунктаў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.
Грашовыя сродкі, заробленыя на працоўных месцах у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, у аб'ёмах, якія вызначаюцца работнікамі, у тым ліку работнікамі, дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, у добраахвотным парадку пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам пералічваюць 50% паступіўшых грашовых сродкаў Міністэрству фінансаў, 50% - застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама і накіроўваюцца на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку на развіццё і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў, уключаных у рэспубліканскі і рэгіянальны планы мерапрыемстваў па правядзенні ў 2013 годзе Года беражлівасці. 50% грашовых сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку і пералічаных Мінфіну, накіроўваюцца Міністэрству аховы здароўя на набыццё спецыяльных аўтамабіляў хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогі з поўнай камплектацыяй іх медыцынскай тэхнікай і іншым абсталяваннем, неабходным для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў.
Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый па рашэнні калектываў работнікаў гэтых арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, якія вызначаюцца добраахвотна самімі калектывамі работнікаў, у адпаведнасці з парадкам, устаноўленым Міністэрствам фінансаў.
Утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 20 красавіка з'яўляецца працоўным днём, ажыццяўляецца добраахвотна ў памерах, якія вызначаюцца самімі калектывамі работнікаў.
Міністэрству транспарту і камунікацый, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць 20 красавіка бесперабойную працу пасажырскага транспарту.-0-