Павелічэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці будзе распаўсюджвацца на дзяцей, народжаных з 1 кастрычніка - М.Шчоткіна
16.9.20110 праглядаў
16 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Павелічэнне памеру дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці будзе распаўсюджвацца на дзяцей, народжаных з 1 кастрычніка. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна, каментуючы ўказ ад 15 верасня 2011 года №416 "Аб павелічэнні памеру дзяржаўнай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці".
Прыняцце ўказа з'яўляецца адным з звёнаў паслядоўных мер па стабілізацыі сітуацыі ў сферы нараджальнасці. Дакумент падрыхтаваны пры рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Яго мэта - узмацненне сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сям'і ў залежнасці ад чарговасці нараджэння дзяцей у сям'і, стварэнне спрыяльных умоў для гарманічнага развіцця дзіцяці.
Указам прадугледжана павелічэнне памеру дапамогі ў два разы: пры нараджэнні першага дзіцяці - у памеры 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ), пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - у памеры 14 БПМ.
У цяперашні час БПМ складае Br442 тыс. 360. А з 1 лістапада бягучага года ў адпаведнасці з заканадаўствам памер БПМ будзе перагледжаны, падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна.
На рэалізацыю ўказа ў бягучым годзе спатрэбіцца дадаткова Br71,9 млрд. са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэтыя сродкі, па словах міністра, у бюджэце фонду прадугледжаны.
"Пытанні стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці сям'і з'яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, - адзначыла Мар'яна Шчоткіна. - У Беларусі планамерна рэалізуюцца меры, накіраваныя на ўзмацненне матэрыяльнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, у тым ліку праз ажыццяўленне грашовых выплат сем'ям у сувязі з нараджэннем, утрыманнем і выхаваннем дзяцей". Прынятыя меры спрыялі станоўчым тэндэнцыям у сферы нараджальнасці. З 2006 па 2010 год агульны каэфіцыент нараджальнасці ўзрос з 9,9 да 11,4 на 1 тыс. насельніцтва. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці павялічыўся за гэты перыяд з 1,28 да 1,49. Павялічылася доля другіх і трэціх дзяцей у агульнай колькасці нованароджаных: на 10,9% узрасла колькасць дзяцей, народжаных другімі, на 3% - народжаных трэцімі. У першым паўгоддзі бягучага года ў краіне нарадзіліся 50,8 тыс. дзяцей.
"Сацыяльныя праграмы ў Беларусі рэалізуюцца ў адпаведнасці з намечанымі планамі - своечасова і ў поўным аб'ёме", - рэзюмавала міністр працы і сацыяльнай абароны.-0-
БелТА