19 лістапада, Орша /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У 2013 годзе прагназуецца павелічэнне колькасці плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Пра гэта сёння ў Оршы на выязным пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах паведаміла начальнік інспекцыі МПЗ па Оршы Людміла Брацішка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Змены ў сістэме спрошчанага падаткаабкладання ў 2013 годзе прадугледжваюць як павелічэнне крытэрыяў, якія дазваляюць шырэй яе прымяняць, так і змяншэнне ставак адзінага падатку. "Гэта стане яшчэ адным фактарам для росту колькасці плацельшчыкаў па спрошчанай схеме і пры гэтым, па нашых прагнозах, не скароціць паступленні ў бюджэт, а якасна іх павялічыць", - лічыць Людміла Брацішка. У пацвярджэнне свайго пункту гледжання яна прывяла даныя па Оршы (парадак прымянення спрошчанай сістэмы змяняўся ў 2012 годзе, у выніку чаго ў бягучым годзе зменшыліся стаўкі падатку без выплаты ПДВ з 8% да 7%, а пры выплаце ПДВ - з 6% да 5%. - Заўв. БЕЛТА): паступленні ад плацельшчыкаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, у студзені-кастрычніку 2012 года выраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на Br18 млрд., пры гэтым плацяжы на аднаго плацельшчыка ўзраслі на Br28 млн. Акрамя таго, спрошчаная сістэма падаткаабкладання стымулюе выхад прыватнага бізнесу з ценю, што таксама павялічвае колькасць плацельшчыкаў, дадала яна. Спрошчаная сістэма падаткаабкладання з'яўляецца адной з найбольш прывабных сістэм падаткаабкладання для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. У Оршы асаблівы рэжым падаткаабкладання, паводле даных на 1 лістапада, выкарыстоўваюць 1368 суб'ектаў гаспадарання, іх колькасць у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2011 года ўзрасла на 91 суб'ект. На іх долю прыпадае 9,7% паступленняў у кансалідаваны гарадскі бюджэт.-0-

БЕЛТА