19 верасня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2012 годзе сабраны рэкордны ўраджай збожжавых і зерневых бабовых культур, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка.
Валавы збор збожжавых і зерневых бабовых культур (без кукурузы), паводле даных на 1 верасня гэтага года, склаў у першапачаткова ацэненай вазе 8,7 млн.т. Для параўнання: аналагічны паказчык у 2000 годзе быў 4,9 млн.т, у 2001-м - 5,1 млн.т, у 2005-м - 6,4 млн.т, у 2006-м - 5,6 млн.т, у 2010-м - 6,7 млн.т, а ў 2011 годзе - 7,7 млн.т.
Паводле статыстычных даных, на 1 верасня бягучага года ў Беларусі сабрана 1,2 млн.т жыта, 2,7 млн.т пшаніцы, па 2 млн.т трыцікале і ячменю, 0,5 млн.т аўса, 0,4 млн.т зерневых бабовых.
І па ўраджайнасці збожжавых і зерневых бабовых культур сёлеташні год з'яўляецца рэкордным - 37,6 цэнтнера з аднаго гектара ўбранай плошчы. У папярэднія гады ўраджайнасць была значна ніжэйшай: у 2000 годзе - 22,9 ц/га, у 2001-м - 22,5 ц/га, у 2005-м - 31,5 ц/га, у 2006-м - 29,1 ц/га, у 2010-м - 29,8 ц/га, у 2011 годзе - 34,2 ц/га.
Прычым ураджайнасць па кожнай з культур сёлета вышэйшая, чым у папярэднія: жыта - 30,6 ц/га, пшаніцы - 40,2 ц/га, трыцікале - 41,1 ц/га, ячменю - 38,8 ц/га, аўса - 36,4 ц/га, зерневых бабовых - 31,9 ц/га.-0-
БЕЛТА
У Беларусі 2012 год стаў рэкордным па валавым зборы і ўраджайнасці збожжавых і зерневых бабовых культур
19.9.20120 праглядаў