4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 4 студзеня ўступае ў сілу новая рэдакцыя правілаў дарожнага руху, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Змены ў ПДР унесены ўказам №661 ад 25 лістапада 2010 года. Праўкі былі патрэбныя, у прыватнасці, каб прывесці правілы ў адпаведнасць з шэрагам нарматыўных прававых актаў. У тым ліку гэта датычыцца магчымасці раз'езду пры ДТЗ, шкода якога не перавышае 200 еўра. У гэтым выпадку павінны быць выкананы і некаторыя іншыя патрабаванні. Таксама ў новых правілах дарожнага руху цяпер раскрыта паняцце пакідання месца дарожна-транспартнага здарэння. Акрамя таго, цяпер на мапедах (скутэрах) можна будзе перавозіць пасажыраў, калі ёсць дадатковае сядзенне, устаноўленае вытворцам. Раней і на такіх скутэрах забаранялася ездзіць удвох, нават калі была тэхнічная магчымасць. У той жа час, як і на матацыкле, на заднім сядзенні мапеда нельга перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў. Абноўленыя ПДР вырашылі праблему з рэгістрацыяй такога транспартнага сродку, як квадрацыкл (матацыкл). Так называецца не проста чатырохколавы матацыкл або матавездаход, а транспартны сродак з прывадам кіравання аўтамабільнага тыпу, гэта значыць з "баранкай". Яго вага ў спраўным стане - не больш за 550 кг. Новыя правілы дазваляюць рэгістраваць такі транспарт па катэгорыі В. Новы дакумент пашырае і патрабаванні да ўдзельнікаў дарожнага руху, якія не з'яўляюцца кіроўцамі. Напрыклад, раней не зусім было зразумела, якія дзеянні павінен здзяйсняць пасажыр, які стаў удзельнікам ДТЗ. Цяпер удакладняецца, што ён павінен аказаць першую медыцынскую дапамогу. Мадыфікаваныя ПДР тлумачаць, якія дакументы, акрамя пасведчання кіроўцы міжнароднага ўзору, павінен будзе мець кіроўца-іншаземец. Гэта змяненне звязана з тым, што ў сакавіку 2011 года ўступаюць у сілу новыя патрабаванні да пасведчання кіроўцы для краін - удзельніц Канвенцыі аб дарожным руху 1968 года. Нямалаважнае новаўвядзенне датычыцца парушэння правілаў паркоўкі. Цяпер ДАІ зможа блакаваць колы грузавікоў масай больш за 3,5 т, аўтобусаў, колавых трактароў і самаходных машын. Для гэтага будзе выкарыстоўвацца спецыяльны тэхнічны сродак. Мяркуецца, што на лабавым шкле заблакаванага транспартнага сродку будзе размяшчацца спецыяльнае паведамленне. Хутчэй за ўсё, дарожная міліцыя будзе блакаваць пярэдняе левае кола.