4 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч – БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №517 "Аб прадастаўленні сацыяльных льгот некаторым катэгорыям непаўналетніх дзяцей", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Дакумент прыняты з мэтай узмацнення сацыяльнай абароны непаўналетніх, якія пражываюць на чыстай тэрыторыі, але навучаюцца ва ўстановах адукацыі ў забруджаных раёнах. Гэтым дзецям прадастаўляецца права на бясплатнае харчаванне падчас навучання ў школах, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, праезд туды і назад да санаторных устаноў. Акрамя таго, для большага ахопу санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджавання альбо навучаюцца там, указам прадастаўлена права на бясплатны праезд дзецям, накіроўваным на аздараўленне ў складзе арганізаваных груп, і права на санаторна-курортнае лячэнне з аплатай пуцёўкі ў памеры 15% яе кошту аднаму з бацькоў (асобе, яго замяняючай), што суправаджае дзіця ва ўзросце 3-6 гадоў. Прыняцце ўказа з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што клопат дзяржавы пра дзяцей быў і застаецца прыярытэтнай задачай сацыяльнай палітыкі Беларусі.-0-

БЕЛТА