У Беларусі беспрацоўным прапануецца прайсці навучанне больш чым па 100 прафесіях, паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег Токун падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.
"У цэлым па краіне беспрацоўныя могуць прайсці пераабучэнне больш чым па 100 прафесіях. Прычым частка з іх - каля 20% - гэта прафесіі інтэграваныя, калі чалавек адначасова атрымлівае іх дзве і больш, напрыклад, сакратара і інспектара аддзела кадраў. Як правіла, гэта больш распаўсюджана ў рабочых прафесіях (тынкавальшчык-маляр, абліцоўшчык-плітачнік)", - распавёў Алег Токун.
Атрымаць другую вышэйшую або прайсці перападрыхтоўку можна, у прыватнасці, на базе Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Як распавёў рэктар інстытута Алег Лісейчыкаў, другую вышэйшую можна атрымаць па спецыяльнасцях "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм", "лагістыка", "бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці", "псіхалогія". Рыхтуюць і адміністратараў, складоўшчыкаў, спецыялістаў па аўтаматызацыі бухгалтарскага ўліку, офісным інтэрнэт-тэхналогіям, рэкламнай графіцы, камп'ютарнай вёрстцы. Акрамя таго, у інстытуце вядзецца падрыхтоўка па інтэграваных групах прафесій: сакратар, інспектар аддзела кадраў, архіварыус.
"Спіс спецыяльнасцей, запатрабаваных на рынку працы, вызначае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Мы ўзаемадзейнічаем і аператыўна рэагуем па распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі", - заключыў Алег Лісейчыкаў.