30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будзе забяспечана магчымасць перавесці рублёвыя ўклады ў банках у валютныя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі хтосьці захоча перавесці свае рублёвыя ўклады ў валютныя, то такая магчымасць павінна быць прадастаўлена. Не трэба абмяжоўваць насельніцтва ні ў чым", - сказаў Прэзідэнт. У той жа час ён падкрэсліў, што Нацыянальнаму банку варта арганізаваць сваю працу такім чынам, каб насельніцтву пры гэтым не трэба было здымаць рублі з банка, ісці у абменны пункт і набываць валюту, усё павінна быць зроблена на месцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка не раіць канвертаваць уклады. Ён нагадаў, што банкі ўжо цяпер прапануюць высокую даходнасць па ўкладах у беларускіх рублях. У бліжэйшы час даходнасць такіх укладаў стане яшчэ вышэй. "Такім чынам дзяржава будзе падтрымліваць сваю нацыянальную валюту і несці за гэта адказнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў свеце. "Паглядзіце, што творыцца з еўра і далярам. Сёння занепакоеныя ўсе: што рабіць з надрукаванымі зялёнымі паперкамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ўсё часцей у свеце гучаць размовы аб рэцэсіі. У сувязі з гэтым ён папярэдзіў: "Глядзіце, каб вы не засталіся са сваімі еўра і далярамі ў кішэні, пад падушкамі, пад матрацамі, у гаражах, у банкаўскіх ячэйках і са сваімі інтарэсамі, на нас потым не крыўдуйце. Я вас папярэдзіў. Мы адказваем за сваю нацыянальную валюту і будзем яе ўсяляк падтрымліваць". Прэзідэнт зноў нагадаў аб тым, што ў Беларусі няма неабходнасці замарожваць банкаўскія ўклады насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, па ацэнках Нацбанка, у насельніцтва Беларусі на руках знаходзіцца звыш $7 млрд. "У сувязі з гэтым даручаю Нацыянальнаму банку стварыць такія эканамічныя ўмовы, каб людзі самі прынеслі грошы ў банкаўскую сістэму. Калі гэта дапаможа справе, гатовы разгледзець пытанне і аб амністыі капіталу", - сказаў Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА