19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будзе перагледжана заканадаўства па пытаннях экспартнага лізінгу. Гэтая тэма знаходзілася ў цэнтры ўвагі 19 лістапада на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым і памочнікам кіраўніка дзяржавы Пятром Пракаповічам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Лізінгавая дзейнасць з'яўляецца адным з напрамкаў развіцця экспарту. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з працай у Мытным саюзе ўзнікла неабходнасць перагледзець заканадаўства па пытаннях лізінгу, права лізінгадаўцы, лізінгаатрымальніка. Урад прапануе ўнесці некаторыя змяненні ў існуючую мадэль. У прыватнасці, у выпадку калі лізінгаатрымальнік па нейкіх прычынах аказаўся неплацеспраможным і яго неплацежаздольнасць дакументальна пацверджана, то прадмет лізінгу можа застацца на тым рынку, дзе працуе лізінгаатрымальнік, без вяртання ў краіну. Гэта дазваляе эканоміць на транспартных выдатках. Лізінгадаўцу, гэта значыць нацыянальнаму аператару або аператару, які прадстаўляе інтарэсы нашай краіны, прадастаўляецца права на гэтай жа тэрыторыі або ў бліжэйшых краінах рэалізаваць прадмет лізінгу з дапамогай дзвюх аперацый: арэнды і продажу. У першую чаргу гаворка ідзе пра тэхніку. У экспартным лізінгу транспарт займае 64%. Такі механізм з'яўляецца звычайнай сусветнай практыкай. Кантроль за вяртаннем валютнай выручкі ў краіну ад продажаў у лізінг ажыццяўляецца Нацыянальным банкам. Кіраўнік дзяржавы адобрыў прапанаваныя ўрадам падыходы і даў адпаведнае даручэнне аб пачатку іх рэалізацыі.-0-

БЕЛТА