2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі будзе значна скарочана агульная колькасць адміністрацыйных працэдур. Пры гэтым адзіны дакумент аб'яднае 35 пералікаў адміністрацыйных працэдур, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі. З гэтай мэтай распрацаваны адзіны пералік адміністрацыйных працэдур дзяржаўных органаў у дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пералік будзе зацверджаны пастановай урада. Праект пастановы Савета Міністраў падрыхтаваў дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі ў адпаведнасці з выкананнем Дырэктывы №4. Дакумент падрыхтаваны на аснове прапаноў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў. Праектам пастановы прадугледжваецца не толькі аб'яднанне ў адзіны дакумент 35 пералікаў адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам, іншымі арганізацыямі. Таксама будзе значнае скарачэнне агульнай колькасці працэдур. Фарміраванне адзінага пераліку дазволіць забяспечыць сістэматызацыю, класіфікацыю адміністрацыйных працэдур, іх даступнасць і празрыстасць для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Адзіны пералік забяспечыць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў усёй неабходнай інфармацыяй, звязанай з ажыццяўленнем канкрэтных адміністрацыйных працэдур. Будзе там таксама інфармацыя, якая змяшчаецца ў заканадаўчых актах, пастановах Савета Міністраў і актах рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання. Праект пераліку размешчаны для абмеркавання на сайце Міністэрства эканомікі. Дэпартамент па прадпрымальніцтве просіць дасылаць прапановы і заўвагі да 7 снежня 2011 года па адрасе: d_business@main.gov.by -0-

БЕЛТА