У Беларусі будуць зацверджаны ліміты і прагрэсіўныя нормы расходу цеплавых і энергетычных рэсурсаў
8.1.20130 праглядаў
8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі да 1 лютага 2013 года будуць зацверджаны ліміты і прагрэсіўныя нормы расходу цеплавых і энергетычных рэсурсаў. Гэта прадугледжана рэспубліканскім планам мерапрыемстваў па правядзенні ў 2013 годзе Года беражлівасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Мерапрыемствы зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 29 снежня 2012 года №1253. Сярод іх - зацвярджэнне лімітаў і прагрэсіўных нормаў расходу цеплавых і энергетычных рэсурсаў, у тым ліку нарматываў непрадукцыйных страт пры транспарціроўцы вады, цеплавой і электрычнай энергіі, якія забяспечваюць выкананне паказчыкаў энергазберажэння, і ўвядзенне павышанага кошту за паліўна-энергетычныя рэсурсы пры іх перавышэнні.
Усяго ў рэспубліканскі план увайшло 25 мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне рэжыму жорсткай эканоміі і беражлівасці, максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, а таксама выкананне грамадзянамі прынцыпаў эканоміі і беражлівасці, выхаванне ў іх гаспадарлівасці. У прыватнасці, прадугледжваецца ўзмацненне норм і нарматываў расходу матэрыяльных рэсурсаў, якія забяспечваюць зніжэнне затрат на вытворчасць прадукцыі (работ, паслуг) і выкананне паказчыкаў эканоміі рэсурсаў.
Да 10 лютага ва ўрад будзе ўнесены праект нарматыўнага прававога акта, які прадугледжвае эканамічнае стымуляванне энерга- і матэрыязберажэння з улікам замежнага вопыту. А да 1 сакавіка павінны быць прадстаўлены ў Савет Міністраў праекты нарматыўных прававых актаў, накіраваных на павышэнне надзейнасці і якасці вырабленай складана-тэхнічнай прадукцыі, узмацненне кантролю за яе якасцю на ўсіх стадыях вытворчасці, а таксама стымуляванне і ўзмацненне адказнасці работнікаў арганізацый за якасць.
Будуць узмацнены патрабаванні да правядзення абавязковых энергетычных абследаванняў суб'ектаў гаспадарання з улікам перадавога айчыннага і замежнага вопыту. Рэалізацыя мерапрыемстваў праграм энергазберажэння на 2013 год павінна забяспечыць сумарную эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў у аб'ёме не менш за 1,43 млн. т.у.т.
Прадугледжваецца зніжэнне затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву не менш чым на 10% у супастаўных умовах у параўнанні з 2012 годам, у тым ліку страт у цеплавых сетках у цэлым па сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі да ўзроўню не больш за 16,3% да канца 2013 года. Намечаны мерапрыемствы па аптымізацыі праектных рашэнняў, якія забяспечваюць максімальнае змяншэнне кошту будаўніцтва дарог, эфектыўнае выкарыстанне тэхнікі, жорсткую эканомію матэрыяльных рэсурсаў з максімальным выкарыстаннем айчынных матэрыялаў.
Пастаўлена задача забяспечыць рэжым жорсткай эканоміі бюджэтных і валютных рэсурсаў пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак. Трэба стварыць высокаэфектыўныя працоўныя месцы і ліквідаваць працоўныя месцы з асабліва шкоднымі і цяжкімі ўмовамі працы, уцягнуць у эканамічную дзейнасць незанятае насельніцтва, садзейнічаць прадпрымальніцкай дзейнасці. Будуць рэалізаваны пілотныя інавацыйныя праекты, накіраваныя на зніжэнне энергаспажывання ў энергетыцы, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, транспарце, здабыўной і перапрацоўчай прамысловасці ў разрэзе галін і рэгіёнаў.
У Год беражлівасці ў СМІ будуць шырока асвятляцца факты прымянення насельніцтвам эфектыўных спосабаў эканоміі цяпла і электраэнергіі, выкарыстання энергаэфектыўных айчынных будматэрыялаў, арганізацыі раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, іх далейшага выкарыстання перапрацоўваючымі арганізацыямі.
Каардынаваць ход выканання плана мерапрыемстваў па Году беражлівасці будзе Міністэрства эканомікі. Туды штоквартальна будзе паступаць інфармацыя ад рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання аб выкананні рэспубліканскага плана. Фінансаванне мерапрыемстваў будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах на 2013 год, уласных сродкаў арганізацый і іншых крыніц.
БЕЛТА