16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі зацвердзіў парадак выплаты грантаў у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. Гэта прадугледжана ўказам №425 "Аб грантах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 верасня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакументам устаноўлены парадак выплаты кіраўнікам і спецыялістам арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для ажыццяўлення прарыўных навуковых даследаванняў і наватарскіх праектаў, якія маюць асаблівае значэнне для рэалізацыі дзяржаўных праграм і найважнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. У кожнай галіне штогод можа прызначацца да 30 грантаў. Памер штомесячнай выплаты па кожным гранце будзе роўны 25-разовай тарыфнай стаўцы першага разраду.
У зацверджаным указам Палажэнні аб парадку прадастаўлення і выплаты грантаў вызначаны мэты, для дасягнення якіх яны могуць прадастаўляцца, парадак вылучэння і разгляду кандыдатур прэтэндэнтаў на прадастаўленне грантаў, ажыццяўлення ім адпаведных выплат, прадугледжаны меры адказнасці атрымальнікаў за эфектыўнасць і выніковасць выкарыстання выдзеленых сродкаў.
Зацверджаны таксама склад Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур, якія вылучаюцца для прадастаўлення грантаў, у склад якой увайшлі кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, прызнаныя і аўтарытэтныя спецыялісты ў навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры.-0-