У Беларусі дзяржзаказ па продажы збожжа павялічаны да 1 млн. 25 тыс. т
21.7.20110 праглядаў
21 ліпеня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Дзяржзаказ сёлета складае 1 млн. 25 тыс. т збожжа і 175 тыс. т насення рапсу для камбікармовай прамысловасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле рэсурсаў і гандлю Дэпартамента па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
У мінулым годзе дзяржзаказ складаў 990 тыс. т збожжа і 149 тыс. т насення рапсу для камбікармовай прамысловасці. Такім чынам, дзяржзаказ па продажы збожжа ўзрос на 3,5%.
Сёлета трэба будзе прыняць 570 тыс. т пшаніцы, што на 88 тыс. т больш, чым у мінулым годзе (482 тыс. т), 300 тыс. т жыта (яе аб'ём захаваны на ўзроўні мінулага года) і 155 тыс. т іншых культур, у тым ліку крупяных (у мінулым годзе планавалася нарыхтаваць 208 тыс. т).
Як растлумачылі спецыялісты дэпартамента, істотна павялічаны дзяржзаказ на пшаніцу ў сувязі з яе запатрабаванасцю на ўнутраным рынку для хлебапячэння і вытворчасці макаронных вырабаў. Як паказвае практыка мінулых гадоў, гаспадаркі рэспублікі добра спраўляюцца з павышаным заданнем па пастаўцы гэтай галоўнай харчовай культуры ў дзяржрэзерв.
Што тычыцца жытняга збожжа, то 300 тыс. т - гэта аптымальны аб'ём, які неабходны для задавальнення патрэбы ўнутранага рынку. Аб'ём па іншых культурах у параўнанні з мінулым годам зніжаны на 53 тыс. т, чаму таксама ёсць аб'ектыўныя прычыны. У апошнія гады запланаваны высокі аб'ём збожжа па гэтай групе - звыш 200 тыс. т - не ўдавалася выканаць. Таму сёлета таксама вызначаны аптымальны аб'ём іншых культур у дзяржзаказ з улікам складзенай практыкі мінулых гадоў. У склад іншых культур уваходзяць пастаўкі трыцікале, грэчкі, проса, ячменю і аўса на крупяныя мэты.
На элеватары і хлебапрыёмныя пункты рэспублікі пачалі паступаць пробныя партыі збожжа новага ўраджаю. Правяраецца якасць збожжа. Масавая пастаўка ў кошт дзяржзаказу пачнецца, хутчэй за ўсё, з 1 жніўня. Пастаўкі збожжа ў кошт дзяржзаказу будуць знаходзіцца пад асаблівым кантролем Мінсельгасхарча, персанальную адказнасць нясуць кіраўнікі сельгас арганізацый.
Арганізацыі хлебапрадуктаў плануюць нарыхтаваць і адначасова размясціць звыш 3 млн. т збожжа і насення рапсу, што на 500 тыс. т больш, чым у мінулым годзе. Акрамя дзяржзаказу па харчовым збожжы будзе прымацца збожжа на вытворчасць камбікармоў, у кошт узаемаразлікаў, на давальніцкія мэты і г.д.
У нарыхтоўках ураджаю 2011 года возьмуць удзел 85 арганізацый, у тым ліку 21 камбінат хлебапрадуктаў, 11 камбікормавых заводаў, 10 хлебапрыёмных прадпрыемстваў, 4 нарыхтоўчыя элеватары і 39 вытворчых участкаў. Усе нарыхтоўчыя прадпрыемствы хлебапрадуктаў да прыёму збожжа новага ўраджаю гатовыя. Для размяшчэння збожжа і алею рапсу ў арганізацыях хлебапрадуктаў будзе задзейнічана 3268,7 тыс.т элеватарна-складскіх магутнасцей. У бягучым годзе запланавана пабудаваць 128 тыс.т магутнасцей для захоўвання збожжа. Па стане на 1 ліпеня ўведзена ў эксплуатацыю 45 тыс.т магутнасцей. Акрамя таго, плануецца арандаваць у старонніх арганізацыях магутнасці на 97,8 тыс.т для поўнага размяшчэння збожжа.-0-
БЕЛТА