25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўнесла ва ўрад праект указа, у якім прадугледжаны меры для спынення ўтрыманства. Пра гэта сёння на пасяджэнні круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанні дэпутатаў, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Румак растлумачыў, што праектам указа прадугледжваецца аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі пад канкрэтныя абавязацельствы працаўладкавання. "Гэта значыць, калі чалавек звяртаецца за адраснай сацыяльнай дапамогай, яму будзе выдавацца рэкамендацыя, што ён павінен на працягу пэўнага тэрміну працаўладкавацца. Тэрмін аказання гэтай дапамогі таксама ўстанаўліваецца", - сказаў намеснік міністра.

"Калі чалавек паўторна прыйдзе па сацыяльную дапамогу, то рашэнне будзе прымацца з улікам таго, ці прыняў ён крокі, каб самастойна вырашаць свае праблемы. Калі не, то дзяржава яму дапамогу аказваць не будзе", - дадаў Аляксандр Румак.

На круглы стол, прысвечаны механізму рэалізацыі закона аб сацыяльным абслугоўванні, запрошаны кіраўнікі камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, а таксама Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Удзельнікі разгледзелі механізм прадастаўлення новых відаў сацыяльных паслуг на канкрэтных прыкладах работы арганізацый сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва. Мерапрыемства правяла Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях.-0-

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)