14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па найгоршым варыянце развіцця сітуацыі ў Беларусі прагназуюцца падтапленні паводкавымі водамі населеных пунктаў і тэрыторый у 50 раёнах краіны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.
Па прагнозах, чакаецца, што могуць быць падтоплены 4 раёны Брэсцкай вобласці, 10 - Віцебскай, 15 - Гомельскай, па 6 - у Гродзенскай і Мінскай, 9 - Магілёўскай. Найбольш высокая верагоднасць падтапленняў у басейнах рэк Прыпяць, Сож, Заходняя Дзвіна, Нёман, Дняпро, Бярэзіна, а таксама Дзісна, Дрыса, Ула, Проня, Заходні Буг, Іпуць і Вілія.
Гатоўнасць галіновых і тэрытарыяльных падсістэм дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый да рэагавання на негатыўныя наступствы веснавой паводкі была адной з ключавых тэм на пасяджэнні Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, якое прайшло 11 сакавіка пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна.
Па выніках пасяджэння дадзены даручэнні шэрагу арганізацый. Так, аблвыканкамы, Белкаапсаюз, Мінгандлю, Мінздароўя, Мінэнерга сумесна з зацікаўленымі павінны да 20 сакавіка завяршыць падрыхтоўчыя мерапрыемствы для забеспячэння бесперабойнай дастаўкі ў раёны, якія могуць падвергнуцца падтапленню, прадуктаў харчавання, пітной вады, медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці, а таксама электраэнергіі.
Мінжылкамгасу сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і іншымі зацікаўленымі да 20 сакавіка трэба будзе ўмацаваць вусця водазаборных свідравін і люкаў калодзежаў каналізацыі, дамбы шламовых пляцовак і палёў фільтрацыі, узгадніць месцы забору пяску і стварыць запасы каменя, шчэбню, мяшковай тары.
Дэпартаменту па гідраметэаралогіі будзе штосутачна кантраляваць і аналізаваць метэаралагічную і гідралагічную абстаноўку. Дэпартамент па меліярацыі і водных рэсурсах будзе праводзіць абследаванні і кантрольнае нівеліраванне земляных плацін і дамб вадасховішчаў, сажалак, польдэрных сістэм, аб'ектаў супрацьпаводкавай абароны і своечасова выяўляць месцы затораў для правядзення выбуховых работ.-0-
БЕЛТА
У Беларусі з-за паводкі прагназуецца падтапленне да 50 раёнаў
14.3.20110 праглядаў